Які колер пасуе касцёлу Святога Язэпа — белы ці жоўты? Эстэтычная спрэчка з-за перафарбоўкі святыні
Самы вялікі па плошчы стары мінскі храм — Святога Язэпа — падчас рэстаўрацыі змяніў колер. Звыклы белы фасад стаў пясочны. Праз гэта пачалася дыскусія — некаторыя абураюцца, што храм ператварылі ў «пернікавы домік». «Гэта за расійскім часам усё перафарбавалі ў казённы белы ці казённы жоўты», — кажа рэстаўратар.
09.11.2022 / 14:37
Цяперашні будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: t.me/spadczyna
Касцёл Святога Язэпа стаіць у Верхнім горадзе Мінска на вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Гэта помнік архітэктуры позняга барока, ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Каталіцкая святыня ў камунальнай уласнасці. Улады шмат год абяцаюць аддаць храм вернікам, але там пакуль размешчаны архіў.
Рэстаўрацыйныя работы вядуцца пад кіраўніцтвам архітэктара Рамана Забелы з навукова-праектнага цэнтру «Рэстабіліс».
«Выгляд барочных храмаў, які вядомы нам, — вынік шматлікіх перафарбовак, бо барочныя храмы не былі аднатоннымі (і тым больш белымі), але нам амаль не даводзілася бачыць іх у гістарычнай афарбоўцы», — піша тэлеграм-канал «Спадчына» наконт рэстаўрацыі.
Аўтары згадваюць прыклады аднаўлення колеравага рашэння — Брыгіцкі касцёл у Гродне, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы.
Ранейшы белы будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: poshyk.info
Эксперт «Нашай Нівы», даследчык беларускай мінуўшчыны, які папрасіў аб ананімнасці, адзначае, што помнікі архітэктуры, якія мы бачым сёння, не заўжды мелі звыклы нам выгляд. Звычайна іх шчодра расквечвалі, адпаведна з густамі эпохаў і магчымасцямі ў розны час.
«У эпоху барока храмы былі рознакаляровымі. Афарбоўка імітавала розныя адценні каштоўных камянёў, часам дадавалі выявы скульптур, фрэскі на фасадах, — даводзіць эксперт. — А той выгляд, з якім мы зжыліся цягам апошніх двух стагоддзяў, храмы набылі за расійскім часам, калі ўсё было пафарбавана ў белае і жоўтае, што стала сінонімам казёншчыны. Часам, насамрэч, не маючы іншых магчымасцяў, храмы густа бялілі. У гэтым быў і рацыянальны сэнс: вапна забівае грыбкі і цвіль».
Эксперт лічыць, што новая афарбоўка зрабіла касцёл Святога Язэпа больш заўважным.
«Большасць нават менчукоў не здагадваецца пра ягонае існаванне і гісторыю, — даводзіць ён. — Таму гэта выдатны і бязбольны спосаб яго вярнуць у прастору горада! Для неабазнаных пакуль ён глядзіцца дзіўна. Але такому колераваму рашэнню папярэднічалі доўгія даследаванні і аналізы, зандажы сценаў, падбор колераў».
Гараджане тым часам дыскутуюць у сацсетках наконт удачлівасці абранага калеру.
«Пернікавы домік», — параўноўваюць.
«Раней проста не было каляровых фота, — мяркуе яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, — а чыстая вапнавая пабелка была або бежавая, або блакітная. Так што каб і хацелі беленькім зрабіць, то не атрымалася б!»
Касцёл Святога Язепа цяпер. Фота: t.me/spadczyna
Некаторыя настойваюць, што для іх больш звыклы белы колер храма. Разам з тым яны прызнаюць, што каталіцкія храмы фарбавалі і ў жоўты.
«Калі не памыляюся, жоўты колер прыйшоў бліжэй да канца XVIII стагоддзя і быў больш характэрным для класіцызму», — гаворыцца ў адным з каментароў.
«Спадзяюся, гэтая каларыстыка мае нейкую навуковую абгрунтаванасць? Нехта ж мусіў перад рэстаўрацыяй рабіць даследаванне?» — задаюцца пытаннем у каментарах.
«Перад тым, як сцябацца, каторы б займеў сабе клопат пагаварыць з навуковым кіраўніком, дарэчы, не горшым архітэктарам-рэстаўратарам з маладога пакалення, але ўжо з пэўным досведам выканання работ на помніках архітэктуры», — адказваюць у адным з каментароў.
«Да кіраўніка прэтэнзій нуль, але выглядае дзіўнавата», — не пагаджаюцца.