Затрымалі чыноўніка, які забараніў вернікам маліцца каля Чырвонага касцёла
Як стала вядома «Нашай Ніве», першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама Дзмітрыя Мікулёнка затрымалі ў канцы мінулага тыдня.
09.11.2022 / 17:34
Фота: БелТА
Меркаваная прычына — хабарніцтва. Падрабязнасці затрымання невядомыя.
5 лістапада Дзмітрый Мікулёнак павінен быў правесці жывую тэлефонную лінію. Як стала вядома «Нашай Ніве», паразмаўляць з Мікулёнкам у той дзень ахвотныя не змаглі.
У яго прыёмнай паведамілі, што ён «знаходзіцца ў адпачынку», хаця жывая лінія з ім анансавалася 3 і 4 лістапада.
Вядома, што яшчэ 2 лістапада чыноўнік пісьмова забараніў Рымска-каталіцкай парафіі Святога Сімяона і Святой Алены маліцца ў Чырвоным касцёле і ўнутраным дворыку.
На пытанне аб магчымасці правядзення службаў у дворыку касцёла ён адказаў, што «набажэнствы ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам адносяцца да масавых мерапрыемстваў». А паколькі адлегласць ад будынка Саўміна менш за 200 метраў, то такія мерапрыемствы не дазволены.
«Наша Ніва» паспрабавала звязацца з Дзмітрыем Мікулёнкам, яго тэлефон недасяжны.
Дзмітрыю Мікулёнку 49 гадоў. Дзевяць гадоў чыноўнік працаваў у генпадрадным упраўленні ААТ «МАПІД». З 2004-га па 2006-ты быў галоўным спецыялістам Упраўлення капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, затым — намеснікам дырэктара па будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. З 2011 года кіраваў УКБ Мінгарвыканкама.
У жніўні 2018-га быў прызначаны міністрам архітэктуры і будаўніцтва.
У ліпені 2020-га яго панізілі да пасады першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама.