Беларусі забаранілі жыць. МУС унесла ў спіс нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі вокліч «Жыве Беларусь». Але з нюансам

Міністэрства ўнутраных спраў пастановай № 271 ад 28 кастрычніка вызначыла пералік нацысцкай сімволікі і нацысцкіх арганізацый для закона «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму».

10.11.2022 / 07:25

Спіс нацысцкіх арганізацый і іншых структур папоўніўся таксама «30-й грэнадзёрскай (пяхотнай) дывізіяй Вафэн-СС (Руская № 2, яна ж Беларуская № 1, на нямецкай мове 30 Waffen-Grenadier-Division der SS (Ruthenische Nr. 2) Weissruthenische Nr. 1), якая складалася ў асноўным з былых байцоў атрадаў «Беларускай Краёвай Абароны» і выкарыстоўвалася ў антыпартызанскіх аперацыях», — гаворыцца ў дакуменце.

Пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі складаецца з 52 пунктаў. Сярод іх вокліч, які «суправаджаўся ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню «Жыве Беларусь» і адказ «Жыве».

МУС тлумачыць, што калабарацыянісцкі вокліч з'яўляецца сімвалам 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30-й грэнадзёрскай (пяхотнай) дывізіі Вафэн-СС (Руская №2, яна ж Беларуская №1) нароўні з нацысцкім партыйным прывітаннем «Хайль Гітлер».

Ці лічыцца вокліч «Жыве Беларусь» без жэставага суправаджэння «нацысцкім», не гаворыцца.

«Жыве Беларусь» па-беларуску мае два сэнсы: і «існуе», «живет», і «няхай жыве!», «да здравствует!». Гэты выраз з верша Янкі Купалы стаў сімвалам веры беларусаў нароўні з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам.

Nashaniva.com