Twitter адмовіўся рабіць птушку верыфікацыі платнай: яе пачалі скупаць фэйкавыя акаўнты

Нядаўна Twitter анансаваў, што за блакітную птушку верыфікацыі трэба будзе плаціць 8 даляраў на месяц. Але паколькі колькасць падробак, якія вырашылі скарыстацца платнай паслугай, вырасла, рашэнне адмянілі, піша Reuters.

13.11.2022 / 09:28

Фэйкавыя акаўнты, што выдаюць сябе за буйныя брэнды, паспелі з'явіцца ў Tesla, SpaceX, Roblox, Nestle, Lockheed Martin.

«Каб змагацца з падробкай, мы дадалі ярлык «Афіцыйны» да некаторых акаўнтаў», — напісаў у пятніцу акаўнт падтрымкі Twitter.

Прадаваць сінія птушкі збіраліся, каб дапамагчы Twitter павялічыць даходы, паколькі Маск змагаецца за ўтрыманне рэкламадаўцаў.

Пасля таго як Маск набыў Twitter за 44 мільярды даляраў, у кампаніі хаос. Маск звольніў амаль палову супрацоўнікаў Twitter, адхіліў раду дырэктараў і старшых кіраўнікоў і падняў пытанне аб банкруцтве кампаніі.

Nashaniva.com