Стала вядома, якім кодавым словам лукашысты называюць палітычных
Па гэтым слове іх адрозніваюць суддзі і міліцыянты.
13.11.2022 / 14:37
Лукашысты вядуць затрыманых за антываенны пратэст. Мінск, люты 2022
«Нас прывезлі з Фрунзенскага РУУСа разам з п'янымі, наркаманам, парай бесхацінцаў, — расказвае ў сацыяльных сетках жанчына. — Некаторыя паводзілі сябе шалёна, але адчувалася, што персаналу гэты кантынгент блізкі, зразумелы. «Два кантрольныя», — сказалі пра нас на прыёме».
«Мяне і яшчэ аднаго хлопца, да якога ўранку прыйшоў ГУБАЗіК, прывезлі на Акрэсціна пасля суда. «Двое кантрольных», — сказалі яны, калі перадавалі нас наглядчыку».
«Суддзя кажа міліцыянту-канваіру: «Сёння ў мяне толькі кантрольныя».
Гэтыя выказванні былі зробленыя ў розны час і ў розных месцах. Можна зрабіць выснову, што гэта кодавае слова ў лукашыстаў. Літара «К», наколькі вядома, ставілася і на дакументах. Суддзі выносяць палітычным загадзя вызначаныя прысуды, а ў ізалятарах часовага ўтрымання для іх ствараюць умовы, роўныя катаванню: ім не даюць пасцеляў, не даюць спаць, атрымліваць перадачы, змяшчаюць у аднамесныя камеры па шэсць чалавек, у шасцімесных — па 20—30 чалавек.
Важна, каб механізмы масавых рэпрэсій і імёны катаў дакументаваліся. Знаходзьце, калі ласка, магчымасць перадаваць гэтую інфармацыю ў СМІ ці праваабаронцам.
Нагадаем, што дасылаць можна нам у тэлеграм-бот або на Nivanasha@gmail.com. А найлепш — тым рэдактарам і журналістам «Нашай Нівы», якіх вы асабіста ведаеце. Можна гэта рабіць не наўпрост, а праз вашых родных ці сяброў, якія жывуць за мяжою.