Кітаец прабег марафон за 3,5 гадзіны, хоць курыў усю дыстанцыю
Марафонцаў лічаць атлетамі, якія вельмі клапоцяцца пра сваё здароўе. Выключэнне з гэтага стэрэатыпу — кітайскі бягун па мянушцы «дзядзя Чэн», які знакаміты тым, што падчас бегу ён пастаянна курыць.
15.11.2022 / 17:59
Фота: кітайская сацсетка Weibo
Чэн, якому цяпер 50 гадоў, нядаўна прабег усю дыстанцыю марафону і курыў на працягу ўсіх 42 кіламетраў. Фота бегуна з цыгарэтай сталі віруснымі ў мясцовай сацсетцы, а арганізатары марафону пазней апублікавалі сертыфікат Чэна аб завяршэнні марафону, піша Daily Mail.
Мужчына прыйшоў да фінішу 574-м з прыкладна 1500 бегуноў, каб скарыць дыстанцыю, яму спатрэбілася 3 гадзіны 28 хвілін і 45 секунд.
Гэта не першы раз, калі дзядзя Чэн прабягае марафон з цыгарэтай у руцэ. У 2018 годзе ён такім жа чынам выступаў на марафоне ў Гуанчжоу, у 2019-м — на марафоне ў Сяамыні. Вынікі бегуна склалі адпаведна 3 гадзіны 36 хвілін і 3 гадзіны 32 хвіліны. Таксама ў сеціве ёсць інфармацыя, што Чэну паддаюцца і больш доўгія дыстанцыі, чым звычайны марафон.
З 2017 года кітайца ведаюць у бегавых колах як «брата, што курыць». Людзі ставяцца да яго па-рознаму: камусьці падабаюцца здольнасці дзядзі Чэна, а нехта лічыць, што ён падае дрэнны прыклад.
Нягледзячы на тое, што спадар Чэн яўна ў форме, яго радзіма мае не лепшую статыстыку па курэнні. У Кітаі кураць 53% мужчынскага і 2,5% жаночага насельніцтва. Навукоўцы чакаюць, што на працягу двух наступных дзесяцігоддзяў смяротнасць ад хвароб, звязаных з курэннем, вырасце ў Кітаі амаль на 50%. Курэнне шкодзіць дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмам арганізма, што дакладна зніжае шансы чалавека стаць добрым атлетам, у тым ліку і бегуном.
Як бы там ні было, цяпер не існуе правіл, якія б забаранялі бегунам курыць падчас дыстанцыі.