Трамп абвясціў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе
Яго прадстаўнікі падалі заяўку на ўдзел у выбарах у Федэральную выбарчую камісію. Дзейны прэзідэнт Джо Байдэн казаў, што ўпэўнены ў сваёй перамозе над Трампам у выбарах, аднак яшчэ не абвяшчаў пра свой удзел, піша DW.
16.11.2022 / 07:00
Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што будзе ўдзельнічаць у выбарах амерыканскага лідара ў 2024 годзе, перадае CNN.
«Каб зноў зрабіць Амерыку вялікай, я сёння вечарам вылучаю сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў», — сказаў Трамп, выступаючы у сваёй рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў Фларыдзе перад сваімі прыхільнікамі.
Акрамя таго, прадстаўнікі Трампа падалі дакументы для ўдзелу ў выбарах у Федэральную выбарчую камісію.
У той жа час некаторыя саюзнікі палітыка заклікалі яго адкласці абвяшчэнне аб вылучэнні на пасаду прэзідэнта з-за вынікаў прамежкавых выбараў у Кангрэс да 6 снежня. У гэты дзень адбудзецца другі тур выбараў у сенат у Джорджыі: падтрыманы Трампам кандыдат Гершэль Уокер саступіў дэмакрату Рафаэлю Уорнаку, аднак ніводзін з іх не набраў 50%.
Трамп быў прэзідэнтам ЗША з 2017 па 2021 год. У лістападзе 2020-га ён прайграў выбары Джо Байдэну. Трамп не прызнаў паразу і спрабаваў аспрэчыць вынікі выбараў у судовым парадку. Аднак Вярхоўны суд ЗША адхіліў пазоў былога прэзідэнта аб пераглядзе вынікаў галасавання. Трампу 76 гадоў.