Яшчэ аднаго фігуранта «справы Ціханоўскага» перавялі ў турму

9 лістапада ў судзе Шклоўскага раёна разглядзелі справу аб узмацненні рэжыму палітвязню і пераводзе Арцёма Сакава на турэмны рэжым. Па рашэнні суда яго перавялі на турэмны рэжым у Магілёў, паведамляе «Вясна».

16.11.2022 / 10:12

Арцём — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-канала «Страна для жизни». Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага». Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі 19 жніўня змясціла Арцёма ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы. 

Нядаўна суд пастанавіў, што ўсе фігуранты павінны выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі «супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў».

Падтрымайце палітвязня: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Арцём Мікалаевіч Сакаў

Nashaniva.com