Столтэнберг: Няма прычын думаць, што Расія рыхтуе напад на НАТА

«Няма ніякіх прыкмет таго, што Расія рыхтуе наступальныя вайсковыя дзеянні супраць НАТА», — заявіў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг на прэс-канферэнцыі з нагоды трагічнага інцыдэнту ў Польшчы, дзе напярэдадні ў выніку падзення ракеты загінулі два чалавекі.

16.11.2022 / 16:07

Столтэнберг выказаў здагадку, што снарад, які ўпаў у Пшэводуве, быў выпушчаны ўкраінскай сістэмай СПА, такое ж меркаванне выказаў сёння прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, а да яго — прадстаўнікі Масквы і Вашынгтона. Зрэшты, генеральны сакратар НАТА сказаў, што для канчатковых высноў трэба дачакацца вынікаў расследавання.

Калі ракета сапраўды ўкраінская, НАТА не будзе выстаўляць Кіеву ніякіх прэтэнзій, паабяцаў Столтэнберг, бо вайну развязала Масква, а Украіна толькі абараняецца ад знешняй агрэсіі.

«Гэта не віна Украіны; у канчатковым выніку адказнасць [за тое, што адбылося] нясе Расія, якая працягвае весці незаконную вайну супраць Украіны», — растлумачыў генеральны сакратар.

Столтэнберг таксама падкрэсліў, што з-за інцыдэнту ў Польшчы краіны НАТА не маюць намеру задзейнічаць артыкул 4 Паўночнаатлантычнага дагавора, у якім прапісаны механізм рэагавання на знешнюю пагрозу.

Па словах Столтэнберга, саюзнікі па НАТА выказалі «рашучую падтрымку» свайму саюзніку Польшчы і «глыбокія спачуванні ў сувязі з трагічнай гібеллю людзей» пасля выбуху ракеты.

Nashaniva.com