Карпянкоў анансаваў стварэнне новага батальёна спецназа ў Мінску да канца года

У Мінску ў найбліжэйшы час будзе створаны новы батальён спецыяльнага прызначэння. Пра гэта часопісу «Спецназ» распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, паведамляе Reform.by.

19.11.2022 / 14:03

«Мы ствараем вялікае падраздзяленне, батальён спецыяльнага прызначэння, які будзе размяшчацца ў Мінску, але задачы будзе выконваць і па барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, калі спатрэбіцца — для вядзення вайсковай разведкі, радыёэлектроннай разведкі. Калі спатрэбіцца — і па забеспячэнні ваеннага становішча, надзвычайнага становішча, прававога парадку пры правядзенні контртэрарыстычнай аперацыі», — заявіў ён.

Карпянкоў прызнаўся, што ў Беларусі і так хапае спецпадраздзяленняў, таму «глабальных змяненняў» ва ўнутраных войсках і брыгадзе спецыяльнага прызначэння адбывацца не будзе.

«У нас у кожнай брыгадзе ёсць роты спецыяльнага прызначэння, ёсць наш легендарны спецыяльны атрад хуткага рэагавання (САХР), якія вельмі эфектыўна выконваюць задачы, якія стаяць перад імі. Але, улічваючы той досвед, які ёсць у органаў унутраных спраў, які ёсць у Казахстане, які мы назіралі, досвед вядзення спецыяльнай аперацыі ва Украіне, мы разумеем, што трэба павялічваць нашы баявыя магчымасці за кошт стварэння дадатковых спецпадраздзяленняў», — адзначыў ён.

Сумна вядомы былы кіраўнік ГУБАЗіКа распавёў, што новае падраздзяленне ў барацьбе з унутранымі ворагамі будзе створанае да канца года, а камплектаваць яго будуць з «кантрактнікаў і найлепшых афіцэраў».

«У найбліжэйшы час, літаральна да Новага года гэта падраздзяленне будзе існаваць. Яно сур'ёзна ўзмоцніць баявы патэнцыял і баявыя магчымасці органаў унутраных спраў. Пасля таго, як гэта падраздзяленне будзе створанае, мы дадаткова створым такія ж падраздзяленні ва ўнутраных войсках», — заявіў Карпянкоў.

Адабрэнне ідэі стварэння новых спецпадраздзяленняў ва ўнутраных войсках і АМАПе Карпянкоў і кіраўнік МУС Іван Кубракоў атрымалі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 14 лістапада.

Nashaniva.com