Кулеба — партнёрам: Не прапануйце нам кампрамісы з тэрытарыяльнай цэласнасцю. Гэта будуць і вашыя кампрамісы з уласнай бяспекай
Замест прапаноў заўчасных мірных перамоваў з Расіяй, якая не імкнецца да мірнага працэсу, мэтай партнёраў павінна быць перамога Украіны, якая прынясе ўстойлівы і справядлівы мір на еўрапейскі кантынент. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба ў відэазвароце да ўдзельнікаў юбілейнага кангрэса Пан'еўрапейскага саюза, які праходзіць з нагоды 100-годдзя арганізацыі ў Вене, паведамляе «Еўрапейская праўда».
19.11.2022 / 20:21
«Нам патрэбна перамога, а не нічыя. Калі дазволіць Расіі ўзяць зараз паўзу, Пуцін створыць пасярод Еўропы замарожаны канфлікт, гіганцкую бомбу запаволенага дзеяння, якая будзе гатовая ўзарвацца ў любы момант. Для Еўропы было б стратэгічнай памылкай пераследаваць такую мэту. Перасцерагаю партнёраў Украіны: не прапануйце нам кампрамісы з сумленнем, тэрытарыяльнай цэласнасцю або суверэнітэтам. Таму што гэта будуць і вашыя кампрамісы з уласнай бяспекай», — заявіў ён.
Па словах Кулебы, ні адна краіна ў свеце не імкнецца да міру так, як Украіна, але «такія войны, як гэтая, павінны завяршацца перамогай дабра над злом».
Па словах міністра, партнёрам зараз час паставіць мэтай перамогу Украіны і працаваць над яе дасягненнем, замест таго, каб шукаць заўчасных мірных дамоўленасцяў з Расіяй, бо Масква не змяніла ўльтыматыўнага тону і выкарыстоўвае заявы аб нібыта гатоўнасці да перамоваў толькі як прыкрыццё для працягу агрэсіі.
«Сапраўдны мір прынясе ўкраінская перамога. Гэтая мэта цалкам дасягальная, як даказалі харкаўская і херсонская аперацыі гэтай восенню. Перамога Украіны будзе таксама перамогай Еўропы і Захаду. Яна адновіць мір і бяспеку на нашым кантыненце на дзесяцігоддзі. Акрамя таго, яна прынясе працяглы перыяд міжнароднай стабільнасці, таму што стане відавочна, што агрэсія не з'яўляецца эфектыўным інструментам дасягнення мэт у 21 стагоддзі.
Менавіта да такога выніку мы ўсе павінны імкнуцца, і менавіта гэта з'яўляецца шляхам да сапраўднага, трывалага і справядлівага міру», — падкрэсліў Дзмітрый Кулеба.