«Камароўка бандытаў, багема і страчанае пакаленне, яўрэі і забойца Кенэдзі: топ-7 кніг пра Менск і Мінск». Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча 

Сёлета лаўрэатам прэміі Гедройця стаў пісьменнік Сяргей Абламейка за гістарычную кнігу пра нашу сталіцу «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая». З гэтай нагоды Андрэй Хадановіч прапануе свой ТОП-7 найлепшай літаратуры пра Менск і Мінск.

21.11.2022 / 22:38

У гэтым выпуску Андрэй Хадановіч расказвае:

7. Сяргей Абламейка. «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая»

Чаму трэба прачытаць:

Каб лепей ведаць сябе, каб ведаць, што ты далёка не першы жыхар горада з 1000-гадовай гісторыяй, і гэта пераемнасць шмат да чаго абавязвае, але і шмат правоў табе выдае — права быць еўрапейцам, права быць вольным, права быць чалавекам.

6. Серж Мінскевіч. «Мінскія / Менскія санэты»

Чаму трэба прачытаць:

Аўтар апісвае Мінск учорашні, кніга была напісана 20 гадоў таму. Малады і энергічны паэт выпраменьвае харызму і чароўнасць, такія самыя і яго санеты. Мінскевіч прапаноўвае пазнаваць гэты свет праз ноздры кірмашу, які даўно зрабіўся ледзь не культурным цэнтрам сталіцы.

5. Уладзімір Някляеў. «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»

Чаму трэба прачытаць:

Мы шукаем свабоду і практыкуемся ў свабодзе. Нават у самыя ідэалагізаваныя эпохі цэнзуры, самацэнзуры, пісання ў стол у Мінску былі людзі, якія гаварылі, што думалі, што хацелі, і вучылі гэтаму іншых.

4. Артур Клінаў. «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца»

Чаму трэба прачытаць:

Будзьма сабою, не імкнучыся прыпадабняцца да заходніх ці ўсходніх узораў. Глядзім на тое ўнікальнае, што ў нас ёсць. Французы не бураць сваіх помнікаў, нават адыёзным дзеячам рэвалюцыі. Безумоўна, цэнтральны Мінск, сталінскі ампір — гэта сённяшняе аблічча горада.

3. Майсей Кульбак. «Зельманцы»

Чаму трэба прачытаць:

Беларусь можа быць шматкультурнай. Памяць пра гэтую шматкультурнасць 1920-х, дзе з беларускай і рускай суіснавала мова ідыш і польская мова — усе яны былі дзяржаўнымі. Можа быць, памяць пра тую шматкультурнасць — гэта той прывабны міф, які пераадолее насаджаную імперыяй прапаганду пра нашу правінцыйнасць і непаўнавартаснасць.

2. Тодар Кляшторны. «Калі асядае муць»

Чаму трэба прачытаць:

Нават у самых невыносных умовах можна застацца чалавекам, можна знайсці выспачку апошняй свабоды, хоць часам кошт гэтага не толькі страчанае здароўе, але і знішчанае жыццё.

1. Сяргей Пясецкі. «Менская трылогія»

Чаму трэба прачытаць:

100 гадоў таму ў Менску працякала не абы-якое жыццё са страсцямі, мовай, вартай вывучэння, і каларытнымі героямі, аб прыгодах якіх у вольнай Беларусі мы абавязкова здымем файны серыял.

Nashaniva.com