Мінчука арыштавалі на 15 сутак за продаж календара з Пагоняй на «Куфры»
У пачатку лістапада ў Мінску затрымалі хлопца па скарзе «неабыякавай грамадзянкі».
22.11.2022 / 10:17
Нібыта ён «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў пікетаванне шляхам размяшчэння аб'явы пра продаж календара з выявай Пагоні і лозунгамі «Жыве Беларусь!», «Жыве вечна!», «Не разбіць!», «Не спыніць!», «Не стрымаць!».
Міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП, паведамляе «Вясна назірае».
Хлопец на судзе паведаміў, што аб'яву размясціў у пачатку кастрычніка і не думаў, што гэта з'яўляецца правапарушэннем. Мэты пікетаваць такім чынам у яго не было. На судзе зачыталі і тлумачэнні сведкі, па словах якой, яна зайшла на сайт Kufar і пабачыла аб'яву з Пагоняй і лозунгамі.
Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў хлопца да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.