Навукоўцы: чарапашкі гавораць паміж сабой
Чарапах звычайна лічаць даволі маўклівымі жывёламі. Але навукоўцы высветлілі, што, калі да іх прыслухацца, чарапахам ёсць што сказаць, хаця гучыць гэтая гутарка надта нязвыкла.
26.11.2022 / 22:39
Фота: vecteezy.com
Навукоўцы даследавалі 53 біялагічныя віды, якія раней лічыліся «нямымі». Акрамя чарапах, у спіс трапілі рэптыліі туатара, дваякадыхальныя рыбы, бязногія земнаводныя і іншыя жывёлы, піша The Times.
Даследаванне, апублікаванае ў выданні Nature Communications, паказала, што гэтыя віды здольныя прамаўляць шэраг гукаў, падобных да каркання, трэску, шчабятання, варкатання і рохкання. Частка з даследаваных чарапах выдавала некалькі тыпаў гукаў, а некаторыя, як кажуць навукоўцы, і ўвогуле «не пераставалі балбатаць».
Вучоныя паставілі абсталяванне, каб на працягу 24 гадзін зрабіць аўдыязапісы гукаў жывёл. Частка тэхнікі працавала пад вадой, каб запісаць гукі дваякадыхальнай рыбы — амфібіі, якая жыве ў прэснай вадзе і можа дыхаць паветрам.
Габрыэль Ёргевіч-Коэн, галоўны даследчык, апісаў «гаворку» чарапах так: «Чуваць шмат пстрыканняў, некаторыя з іх падобныя да варкатання коткі, некаторыя — да рыпення дзвярэй. Бязногія земнаводныя гучаць як нешта сярэдняе паміж кваканнем і адрыжкай. Кайманавая чарапаха падобная да Дарта Вейдэра».
Ёргевіч-Коэн, аспірант Цюрыхскага ўніверсітэта, выразіў упэўненасць, што пачутыя падчас даследавання гукі выкарыстоўваліся для камунікацыі.