Антырэкорд: 92% працэсаў у Гомельскім абласным судзе — палітычныя

Флагшток звярнуў увагу на чарговы паток працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах у Гомельскім абласным судзе. Практычна штодня жыхароў вобласці судзяць за выказаныя меркаванні, запісы ў сацсетках, паведамленні ў чатах, прыгаворваючы да зняволення. У некаторыя дні суддзі Гомельскага абласнога суда разглядаюць выключна «палітычныя» справы. Гомельшчына стала лідарам па колькасці «экстрэмістаў» сярод усіх рэгіёнаў краіны.

23.11.2022 / 15:44

Флагшток вывучыў расклад пасяджэнняў ва ўсіх абласных судах Беларусі за апошнія сем дзён лістапада. Высветлілася, што безумоўным лідарам у «палітычных» працэсах стаў Гомельскі абласны суд, дзе колькасць такіх спраў зашкальвае. З 23 па 30 лістапада прызначана да слухання ў судзе першай інстанцыі 13 крымінальных спраў. З іх 12 — з палітычнай афарбоўкай (больш за 92%), і толькі адна асабліва крымінальная — забойства.

Адзін з апошніх «палітычных» прысудаў у Гомельскім абласным судзе — Крысціне Чаранковай. Фота: «Народная воля»

У «палітычных» працэсах пераважаюць абвінавачванні за дзеянні ў сацсетках — «распальванне сацыяльнай варожасці», «абраза прадстаўнікоў улады» і асобна Лукашэнкі, «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Дваіх мужчын, Уладзіслава Яцэнку і Кірыла Плакушчава, будуць судзіць за замах на «ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце».

Расклад спраў на 24 лістапада

Таксама працягваюцца працэсы па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» (справа «Рабочага руху»), «тэрарызме» (справа «светлагорскіх партызан»).

А што ў іншых рэгіёнах? За той жа перыяд у Брэсцкім абласным судзе — усяго два слуханні ў судзе першай інстанцыі, з іх адно — за забойства, а другое — «палітычнае», за «распальванне варожасці». У Віцебскім абласным судзе з чатырох прызначаных спраў «палітычныя» — дзве. Аналагічна — у Гродзенскім абласным судзе.

У Магілёўскім абласным судзе за тыя ж 7 дзён разгледзяць толькі дзве крымінальныя справы ў судзе першай інстанцыі, з іх «палітычныя» абедзве. У Мінскім абласным судзе на гэты момант прызначаны тры працэсы, з якіх з палітычнай афарбоўкай — два.

Nashaniva.com