Па даносе пралукашэнкаўскага блогера кашмараць супрацоўнікаў аўтапарка ў Брэсце
«На кіраўнічых пасадах аўтапарка сядзяць актыўныя прадстаўнікі экстрэмісцкай бел-чырвона-белай ідэалогіі», — сцвярджаў Аляксей Голікаў. Віна ўсіх абвінавачаных «пацвярджаецца» тым, што яны ставілі лайкі ды рабілі допісы ў «Аднакласніках».
23.11.2022 / 18:58
З допісу блогера Аляксея Голікава ў ягоным тэлеграм-канале стала вядома, што ГУБАЗіК затрымаў супрацоўнікаў берасцейскага аўтапарка. Прычынай стала ягонае ж відэа, якое выйшла два тыдні таму.
У відэа ён сцвярджае, што «на кіраўнічых пасадах аўтапарка сядзяць актыўныя прадстаўнікі экстрэмісцкай бел-чырвона-белай ідэалогіі». І цэлых шэсць хвілінаў з перабіўкамі на лірыку даводзіць гэта.
Да прыкладу, значная частка відэа прысвечаная тлумачэнню таго, якая роля ідэолагаў на прадпрыемствах. Можа падацца, што Голікаў дасведчаны завадчанін, але гэта не так — ён сам некалі казаў, што ўсё жыццё працаваў прадпрымальнікам у сферы рэкламы, а пасля пачаў цікавіцца журналістыкай і адкрыў уласны блог.
У сваім відэа ён абвінавачвае ідэолага прадпрыемства 56-гадовага Ігара Парфенюка ў тым, што ён, быццам бы, разам з іншымі «бчб-ідэолагамі» вінаваты ў тым, што адбыліся пратэсты на прадпрыемствах у жніўні 2020-га і Андрэй Зельцэр застрэліў супрацоўніка КДБ Змітра Федасюка.
Таксама ён кажа пра начальніка вытворча-тэхнічанага аддзела парка Аляксандра Сароку і 39-гадовага начальніка аўтакалоны парка Сяргея Сераду (апошняму закідае таксама «абразу Лукашэнкі і сілавікоў»).
Віна ўсіх абвінавачаных «пацвярджаецца» тым, што яны ставілі лайкі ды рабілі допісы ў «Аднакласніках».
Сэнс відэа зводзіцца да таго, што Лукашэнка — добры прэзідэнт, а «баяры дрэнныя», бо нічога не робяць і таму паўсюль бардак.
Пасля Голікаў заклікае ГУБАЗіК паставіць «выкрытых» ім супрацоўнікаў аўтапарка «да дзвярэй». Відаць, што гэта і адбылося — сам ён каля 11-й раніцы напісаў, што іх затрымалі. Праўда, аказалася, што на прадпрыемства прыйшлі сілавікі, узялі тлумачэнні і людзі працягнулі працаваць.
Сяргей Серада, Аляксандр Сарока і Ігар Парфянюк. Фота: «Вясна»
Пасля таго, як выявілася, што затрыманых адпусцілі, Голікаў напісаў у сваім блогу: «Дзяцей і моладзь, якія аступіліся, запісваюць на фоне дзвярэй, а каб не псаваць імідж дзяржаўнага прадпрыемства, дарослых, якія адкрыта распаўсюджваюць матэрыялы з экстрэмісцкіх рэсурсаў, пакрываюць».
Цалкам магчыма, што гэтых людзей у будучыні яшчэ чакае пераслед.
Голікаў увогуле няроўна дыхае да Брэсцкага аўтапарка і прысвяціў яму цэлую серыю ролікаў.
Нагадаем, раней ён заклікаў выклікаць міліцыю, «калі пабачылі БЧБ», і «закідваць снежкамі тых, хто крычыць «Жыве Беларусь!».