Другое прышэсце Канаплёва: Лукашэнка вярнуў у фавор былога найлепшага сябра, які яго ледзь не скінуў
Як расказалі «Нашай Ніве» дзве не звязаныя між сабой крыніцы, пры двары Лукашэнкі зноў з'явілася дэманічная фігура Уладзіміра Канаплёва — шклоўскага ўчастковага, сябра маладосці Лукашэнкі, які ў адзін момант узнёсся настолькі, што задумаў скінуць свайго патрона, за што і паплаціўся. На фоне новага ўзвышэння Канаплёву пачало здавацца, што яму многія павінны за старыя справы.
24.11.2022 / 21:34
Уладзімір Канаплёў, фота: Прэсбол
Як стала вядома «Нашай Ніве», былы «найлепшы сябар Аляксандра Лукашэнкі», былы старшыня Палаты прадстаўнікоў і былы ўчастковы са Шклова Уладзімір Канаплёў нечакана выйшаў з нябыту пасля шматгадовай апалы і зноў стаў набліжаным да Лукашэнкі.
Вядома мінімум пра адну «афіцыйную» сустрэчу Канаплёва з Лукашэнкам асабіста, пра якую ў дзяржаўных СМІ паведамленняў не было.
Але знаёмыя з сітуацыяй у «палацы» тлумачаць, што Канаплёў, хоць яшчэ і не з'яўляецца на ТБ, ужо стаў частым госцем на мерапрыемствах у вузкім коле.
«Цяпер яму шукаюць месца ў сістэме, хочуць неяк яго ўбудаваць», — дадаюць абазнаныя.
Прычыны палітычнай рэінкарнацыі старшыні федэрацыі гандбола, пра «слаўныя часы» якога цяпер няма ніводнай згадкі ў БелТА, дакладна невядомыя.
Назіральнікі звязваюць гэта са своеасаблівым маральна-псіхалагічным станам Лукашэнкі, які жыве ў атмасферы вечнага недаверу, у якой няма адкуль узяцца новым сябрам — прыходзіцца ўспамінаць пра старых.
«Тым больш, што з часоў сваёй здрады і адстаўкі пры канцы 2007-га ён ужо ні словам ні паўсловам не пасягаў на лукашэнкава, прамаўчаў у 2020-м, не перамятнуўся, застаўся ўжо з вернасцю пабітага сабакі. 15 гадоў сядзеў ціха і маўчаў. Думаю, гэта заўважана і ацэнена», — дадае іншы суразмоўца.
Да «Нашай Нівы» даходзяць сігналы, што Уладзімір Канаплёў пачаў аднаўляць старыя «патрон-кліенцкія сувязі» ў беларускім бізнэсе — у якасці патрона.
Уладзімір Канаплёў быў вельмі блізкі да Аляксандра Лукашэнкі падчас аперацыі па фізічнай ліквідацыі палітычных апанентаў Лукашэнкі ў 1999—2000 гадах.
Мала ад каго можна пачуць пазітыўную характарыстыку гэтага 68-гадовага мужчыны з цяжкім позіркам, але гэта сімптаматычная фігура ў гісторыі беларускай дыктатуры.
Гэты ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх у Шклове сябраваў са сваім аднагодкам, дырэктарам саўгаса Аляксандрам Лукашэнкам. Калі той прабіўся ў дэпутаты ў 1990 годзе, Канаплёў стаў памочнікам.
У 1994 годзе менавіта Канаплёў стаў маторам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, былы ўчастковы стаў, фактычна, другім чалавекам у краіне. Ëн быў непатапляльным рашалам, які мог адным званком закрыць любое пытанне ў краіне: выдачу зямлі, спыненне праверкі, прызначэнне кадра ці звальненне.
Усё гэта ён рабіў «імем прэзідэнта». Ніхто не ведаў, што ў рэальнасці яму сказаў Лукашэнка, але ўсе ведалі, што Канаплёў з Лукашэнкам гаворыць на «ты».
«Канаплёў быў вышэйшы за генпракурора і прэм'ера, яны былі так — прызначэнцы, а Канаплёў — дарагім сэрцу Лукашэнкі», — кажуць тыя, хто сутыкаўся з уплывам гэтага чалавека.
Блізкасць да сонца закруціла галаву ўчастковаму.
«У Магілёўскай вобласці Канаплёву ўсе кланяліся, любы чыноўнік. Ён там быў богам тады. Сувязі па краіне былі вялізныя, грошы да яго цяклі.
У нейкі момант Канаплёву падалося, што ён ужо настолькі моцны, што можа Лукашэнку замясціць і кіраваць лепш. Ëн стаў ездзіць па краіне і фарміраваць сваю групоўку. І тады ў магілёўскіх лазнях пачалі падымаць тосты «за новага прэзідэнта». А сам Канаплёў паехаў на «агледзіны» ў Маскву.
Канаплёў з Грызловым, старое фота. Вікіпедыя
Калі пра гэта даклалі Лукашэнку, той быў у шаленстве. Але чапаць Канаплёва было нельга, бо ён «быў у Маскве». Таму пачалі выразаць усё, што было навокал.
Усіх, хто яму прысягнуў, перасаджалі. Фактычна, у гэты момант перастаў існаваць «магілёўскі клан» як кузня кадраў для лукашэнкаўскай улады — Лукашэнка намаганнямі Канаплёва перастаў давяраць сваім землякам. Магілёўскія потым не ўзляталі ніколі.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», менавіта з той гісторыяй быў звязаны ад'езд з Беларусі заснавальнікаў «Еўраопта» Уладзіміра Васілько і Сяргея Літвіна, бо яны падтрымлівалі блізкія адносіны з Канаплёвым.
«Некаторыя нават меркавалі, што яны зіц-старшыні фунты, а бізнэс створаны Канаплёвым. Але ён як бізнэсмен слабы, у яго б нічога не атрымалася, таму я ў такую тэорыю не веру. Літвіна і Васілько неяк запісалі ў блізкія кантакты Канаплёва, але іх папярэдзілі і яны з'ехалі — вось і ўсё», — тлумачыць «Нашай Ніве» ветэран сілавых структур, які назіраў падзеі на ўласныя вочы.
У 2007-м Уладзімір Канаплёў сышоў у адстаўку «па стане здароўя» з пасады кіраўніка Палаты прадстаўнікоў.
Страціўшы і афіцыйныя, і неафіцыйныя рычагі ўлады, Канаплёў застаўся, аднак, старшынёй федэрацыі гандбола.
А ў 2013-м Канаплёў нават трапіў у СІЗА па справе намесніка генпракурора Аляксандра Архіпава. На судзе ён абышоўся штрафам, але атрымаў таўро судзімага.