ФСБ застрэліла ў Варонежы як «украінскіх дыверсантаў» страйкбалістаў і аматараў відэагульняў

ФСБ днямі абвясціла, што забіла ў Варонежы траіх украінскіх дыверсантаў. Як высветліла выданне The Moscow Times, двое з іх аказаліся гульцамі ў страйкбол і «S.T.A.L.K.E.R.».

25.11.2022 / 00:05

Скрын з сюжэта пра знішчэнне «дыверсантаў»

23 лістапада расійскае ФСБ абвясціла, што застрэліла ў Варонежы трох чалавек, якіх падазравалі ў падрыхтоўцы дыверсіі на вайсковых і энергетычных аб’ектах рэгіёна. Як аказалася, двое з трох забітых гулялі ў страйкбол, а таксама ў ролевыя гульні па відэагульні S.T.A.L.K.E.R., распрацоўкай якой займаецца ўкраінская кампанія GSC Game World.

Адзін з забітых — мясцовы жыхар Уладзімір Катоўскі, а другога ведалі па псеўданіме Сталкер Фасген. Катоўскі, паводле сведчанняў людзей, якія яго ведалі — «звычайны тэхнар, рабацяга», які быў прыхільнікам Аляксея Навальнага, а «Фасген быў анархістам, бунтаром і падтрымліваў Украіну».

У ФСБ сцвярджалі, што дыверсію нібыта рыхтавалі «сябры заканспіраванай ячэйкі прыхільнікаў украінскай нацыяналістычнай ідэалогіі». Падазраваных — «кіроўцу і двух яго саўдзельнікаў» — забілі пры спробе затрымання на ўскраіне Варонежа. Падазраваныя нібыта аказалі ўзброенае супраціўленне і былі забітыя агнём у адказ.

Пры гэтым у праграме «Весці» на тэлеканале «Расія-1» у сюжэце пра аперацыю ФСБ у Варонежы паказалі сцяг з эмблемай у выглядзе галавы зялёнага ваўка ў профіль і надпісам «Воля» — эмблему групоўкі «Свабода» з гульні S.T.A.L.K.E.R. У сюжэце «Расіі-1» сцяг назвалі «сцягам ультраправай нацыяналістычнай партыі «Воля».

Nashaniva.com