Сёння пачынаецца судовы працэс над актывістамі незалежных прафсаюзаў

У Мінскім гарадскім судзе 25 лістапада пачынаецца судовы працэс над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вацлавам Арэшкам, паведамляе «Вясна».

25.11.2022 / 10:16

Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вацлаў Арэшка

Іх абвінавачваюць ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). 

Справу прызначаная разглядаць суддзя Анастасія Папко.

Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасць быў асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання — «хатняя хімія». 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пазней яго перавялі ў СІЗА-1.

Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і выставілі абвінавачванні.

У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.

Вячаслаў Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Вячаслава змясцілі ў СІЗА КДБ, яму выставілі абвінавачванне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Nashaniva.com