Чыноўнікі сцвярджаюць, што мінчукі плацяць за ацяпленне толькі 20%

Жыхары Мінска пакрываюць толькі 20% выдаткаў на ацяпленне, а астатняя сума кампенсуецца з бюджэту, паведаміла начальніца галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Таццяна Астрэйка, перадае агенцтва «Мінск-навіны».

27.11.2022 / 13:36

Чыноўніца таксама расказала, колькі выдаткаў кампенсуюць жыхары сталіцы за праезд у гарадскім грамадскім транспарце.

«Цеплазабеспячэнне — важная паслуга, але сёння грамадзяне аплачваюць яе толькі на 20%. Астатнюю нагрузку бярэ на сябе бюджэт, а гэта каля 36 млн рублёў», — паведаміла Таццяна Астрэйка.

Таксама чыноўніца заявіла, што мінчукі не цалкам пакрываюць выдаткі на гарадскі транспарт. Паводле яе слоў, у метро доля аплаты грамадзянамі 50%, а ў наземным транспарце яшчэ меншая. 

Раней у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведамлялі, што ў 2018 годзе ўзровень кампенсацыі беларусамі выдаткаў на перавозкі пасажыраў гарадскім аўтамабільным транспартам па абласцях складаў 82,1%, а па Мінску — 62,3%.

Пры гэтым у Мінску ўзровень кампенсацыі выдаткаў на перавозкі наземным гарадскім грамадскім транспартам (без уліку гарадскіх электрычак БЧ) складаў тады нібыта 55,8%, а ў метрапалітэне — 73,9%. Пасля гэтага ў сталіцы неаднаразова падвышалі кошт праезду ў грамадскім транспарце, аднак працэнт аплаты выдаткаў за спажытыя паслугі самім насельніцтвам, калі верыць чыноўнікам, за гэты час толькі зменшыўся.

Nashaniva.com