Краіну пакінула культавая выкладчыца Ліцэя БДУ
Выкладчыца беларускай літаратуры Марына Казлоўская пакінула Беларусь, калі ўзнікла пагроза яе свабодзе. «Усе 18 гадоў у мяне было адчуванне, што я дома, я на сваім месцы», — напісала яна ў шчымлівым развітальным допісе.
28.11.2022 / 20:56
Марына Казлоўская. Развітальнае фота з сацыяльных сетак
Марына Казлоўская была не проста папулярнай, а культавай выкладчыцай Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Педагог ад Бога, закаханая ў беларускую літаратуру», — кажуць пра яе выпускнікі ўстановы.
Прычынаў звальнення і выезду з краіны Казлоўская не называе. Яна пакуль абмежавалася пастом у фэйсбуку і не размаўляе са СМІ.
Сябры кажуць, што гэта вынік палітычнага ціску.
«З яе хваробаю яна разумела, што ў турме без лекаў яна не выжыве, а так, можа, і перажыве гэтых упыроў», — сказала «Нашай Ніве» яе сяброўка.
«Ліцэй БДУ пачаўся для мяне, калі мне было пятнаццаць. Пачаўся выпадкова, як і ўсе лёсавызначальныя падзеі, — напісала Марына Казлоўская ў сябе ў фэйсбуку. — Па ўсіх законах логікі я не мусіла паступіць, але паступіла, мусіла вылецець пасля першай сесіі, але не вылецела.
Ліцэй сапраўды навучыў мяне вучыцца і задаў вышыню, якой я гадамі вымярала сваё жыццё.
Адна з маіх найзапаветнейшых мар — вярнуцца працаваць у Ліцэі. Яна спраўдзілася, хоць і не адразу.
І ўсе наступныя 18 гадоў у мяне было адчуванне, што я дома, я на сваім месцы, я раблю ў жыцці нешта сапраўды значнае і сэнсоўнае, укладваючыся ў будучыню краіны, якую люблю. Гэта давала адчуванне асалоды ад настаўніцтва, якім бы цяжкім часам яно ні было, радасці сустрэчы з людзьмі, якіх я люблю і з якімі мне пашчасціла пражываць жыццё разам.
Думаю, што ніколі не змагла б сама адмовіцца ад усяго гэтага. Але давялося.
Дарагія калегі, дзякуй вам вялікі, што ўсе гэтыя гады вы вучылі, падказвалі, дапамагалі, суперажывалі і падтрымлівалі. Для мяне радасцю і гонарам было працаваць з вамі. Беражыце сябе.
Дарагія дзеці, мне вельмі шкада, што нашы размовы пра літаратуру скончаныя. Але гэта не значыць, што вы не можаце чытаць, думаць, абмяркоўваць, любіць і расці над сабой. Ніхто не можа вам гэтага забараніць. І ў вас усё яшчэ ёсць выручай-пакой.
Дарагія выпускнікі, неўзабаве мне вельмі спатрэбіцца ваша дапамога. Трэба толькі крыху прывыкнуць да майго новага становішча.
Што ж, як бы ні было балюча, жыццё працягваецца. На жаль, не ў Беларусі. Але я абавязкова вярнуся. Будзьма!» — падсумоўвае Марына Казлоўская.
«Твае дзеці — найлепшыя! Так працаваць з чалавечымі душамі — найвышэйшае майстэрства».
«Сустракаюся перыядычна з Вашымі вучнямі і ведаю, як яны ганарацца тым, што Вы былі іх Настаўнікам!»
«Канец эпохі… Дзякуй вам за вас!»
«Дзякуй за адзін з самых каштоўных урокаў, якія засталіся ў мяне з ліцэйскага жыцця!»
«Я вельмі ўдзячна вам за тыя гады ў Ліцэі, і ведаю, што ў вас усё атрымаецца, што б вы ні задумалі!» — так адгукнуліся на навіну яе былыя вучні і калегі.