Беларусь прапануе МВФ «іржавае жалеза»

Стаў вядомы папярэдні спіс прадпрыемстваў, якія беларускія ўлады гатовыя выставіць у наступным годзе на адкрытыя таргі ў адпаведнасці з умовамі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

12.10.2009 / 13:30

Стаў вядомы папярэдні спіс прадпрыемстваў, якія беларускія ўлады гатовыя выставіць у наступным годзе на адкрытыя таргі ў адпаведнасці з умовамі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

У папярэдні спіс ўнесены ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод», ААТ «Мінскі завод пеністых він», ААТ «Бабруйскі машынабудаўнічы завод», ААТ «Чырвоны мазыранін», а таксама ААТ «Турыстычны комплекс» Брэст — Інтурыст».

Па мерках беларускай эканомікі, усе яны сярэднія прадпрыемствы, з гледзішча дзяржаўных інтарэсаў стратэгічным з’яўляецца толькі МПЗ. Прынамсі, па чатырох з іх былі раней праекты па продажы іх кантрольных пакетаў інвестарам, але яны з розных прычын не былі рэалізаваныя.

Прадпрыемствы, што ўвайшлі ў гэты пералік, цяжка назваць «найбуйнейшымі» і тым больш аднесці да «фамільнага срэбра».

Хутчэй, гэта «фамільнае жалеза», якое на працягу некалькіх гадоў ўлады беспаспяхова спрабуюць прадаць.

Можа быць таму беларускі бок вырашыў праявіць дадатковую ініцыятыву: замест пяці прадпрыемстваў, на якіх настаяў МВФ, пералік хутчэй за ўсё будзе пашыраны да сямі аб’ектаў.

Нагадаем, што па дамоўленасці аб крэдыце «стэнд‑бай» залогам працягу супрацоўніцтва МВФ з’яўляецца выкананне Беларуссю шэрагу кантрольных паказчыкаў. Па выніках першай праверкі, праведзенай місіяй МВФ у красавіку‑маі, да вызначаных у снежні 2008 года кантрольным паказчыках дабавілася яшчэ некалькі. І ў іх ліку — актывізацыя беларускім кіраўніцтвам намаганняў у галіне прыватызацыі.

Канкрэтна ўрад Беларусі ўзяў на сябе абавязацельствы стварыць Агенцтва па прыватызацыі. Яго задачай, як гэта бачыцца МВФ, павінна стаць «наданне імпульсу выкананню распрацаванай афіцыйнымі органамі праграмы прыватызацыі шляхам павышэння статусу і ўдакладнення паўнамоцтваў і мандата падраздзяленняў, адказных за прыватызацыю».

У адпаведнасці з ўзгодненых з беларускім урадам і Нацбанкам дакументам ўжо да верасня гэтага года Саўмін пры тэхнічнай падтрымцы Сусветнага банка павінен быў накіраваць у парламент праект закона «Аб прыватызацыі». Таксама паралельна ў гэтыя ж тэрміны ўрад абавязаўся падрыхтаваць праект указа прэзідэнта аб стварэнні Агенцтва па прыватызацыі, на якое і меркавалася ускласці асноўную задачу па падрыхтоўцы беларускіх заводаў і фабрык да змены ўласніка.

Згодна з дакументам, падпісаным МВФ і беларускімі ўладамі, пасля свайго стварэння Агенцтва па прыватызацыі да лістапада на падставе кансультацый з Сусветным банкам павінна было адабраць «пяць найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў у якасці кандыдатаў на прыватызацыю». Наступным крокам з’яўляецца прыцягненне вядомага фінансавага кансультанта, і ўжо ў лютым 2010 кантрольныя пакеты гэтых пяці прадпрыемствах павінны быць выстаўлены для продажу «на адкрытых міжнародных празрыстых і канкурэнтных таргах».

Ужо відавочна, што працэс падрыхтоўкі адпаведнай нарматыўнай базы для прыватызацыі, стварэння самага Агенцтва па прыватызацыі крыху зацягнуўся. Справа ў тым, што з пяці прадпрыемстваў ніводнае не падпадае пад вызначэнне «найбуйнейшае» і, трэба меркаваць, у цэлым пад бачанне тым жа МВФ працэсаў прыватызацыі ў Беларусі.

Некалькі тыдняў таму ў Літве Аляксандр Лукашэнка прапанаваў літоўцам інвеставаць у «Нафтан» 3 млрд даляраў. Мяркуючы па ўсім, продаж «фамільнага срэбра» будзе знаходзіцца ўсё‑такі не ў кампетэнцыі Агенцтва па прыватызацыі, нават калі яно будзе створана.