Не кожная кава — карысная

Кава — адзін з самых папулярных напояў у свеце, які і стымулюе, і можа аказваць добры ўплыў на здароўе. Але ж не заўсёды кава прыносіць карысць. Тлумачым, як каву лепш не піць.

30.11.2022 / 23:01

У мінскай кавярні. Фота з сацыяльных сетак

У першую чаргу кава — гэта крыніца кафеіну, рэчыва-стымулятара. Акрамя гэтага, яна можа мець абязбольваючы і супрацьастматычны эфект. Кафеін разам з тэафілінам і тэабрамінам станоўча ўплывае на цэнтральную нервовую сістэму і стымулюе мазгавую дзейнасць. Таксама цудоўны напой зніжае рызыку развіцця хвароб Альцгеймера і Паркінсана.

Сярод карысных рэчываў, што ёсць у каве, называюць таксама антыаксіданты, якія абараняюць арганізм ад вольных радыкалаў і дапамагаюць выводзіць таксіны. Дзякуючы гэтаму кава можа паскараць метабалізм, што важна для людзей, якія хочуць схуднець.

Але не ўся кава карысная, і некаторыя звычкі каваманаў могуць несці шкоду здароўю.

Перш за ўсё, калі вы п'яце каву з цукрам і салодкім, не перабірайце з імі. Калі есці шмат цукру, паскараецца працэс старэння, а таксама павышаецца рызыка хваробаў накшталт дыябету 2 тыпу ці атлусцення.

Таксама дыетолагі раяць адмовіцца ад падсалоджвальнікаў (аспартаму ці сукралозы), што ўплываюць на ўзровень інсуліну. Калі дадаваць такія рэчы ў каву, гэта можа ўзмацніць імкненне да салодкага. Дый ніхто да канца не ведае, ці бяспечны для здароўя аспартам, наконт яго ў навукоўцаў ёсць шмат сумневаў.

Яшчэ адна шкодная звычка — замяняць сняданак кубачкам кавы. Адмова ад сняданку павялічвае рызыку развіцця язвавай хваробы ці сіндрому раздражнёнага кішэчніка.

Шмат хто спрабуе спатоліць смагу кавай, і гэта таксама не найлепшае рашэнне. Такі падыход можа прывесці да абязводжвання, і праз гэта — да праблем са скурай, зніжэння энергіі ці запаволенага засваення карысных рэчываў. Вось чаму варта не забываць і пра піццё вады — арыентуйцеся як мінімум на 1—1,5 літра чыстай вады штодзень.

Чытайце таксама:

Як заварваць зялёную гарбату? Вось што важна ўлічваць

Кафеін робіць чалавека больш схільным да трат. Вось як гэта працуе

Чатыры спосабы зрабіць сваю каву больш карыснай

Nashaniva.com