Беларускі рынак новых аўто чакае татальная кітаізацыя. Вось якія брэнды прыйдуць на змену сусветным

Узровень лаяльнасці да аўтамабіляў кітайскіх брэндаў з боку беларусаў расце. Сёлета на першае месца па продажы выйшлі менавіта кітайскія аўто. І іх доля працягне расці, прагназуюць прадстаўнікі дылераў. Тлумачым чаму.

30.11.2022 / 13:45

Апошнія гады найбольш значную долю сярод прадаваных у Беларусі новых аўто займалі тыя, што вырабляліся на тэрыторыі РФ. Доля такіх машын складала больш за 80%.

Аднак пасля нападу Расіі на Украіну сусветныя аўтавытворцы, якія прысутнічалі на расійскім рынку, адзін за адным спачатку заявілі аб прыпыненні сваёй дзейнасці на тэрыторыі РФ, а пазней пачалі казаць пра поўны сыход. 

РФ пакінулі такія гіганты, як VW, Renault, Ford, BMW і шэраг іншых аўтавытворцаў. Так, на маскоўскім заводзе Renault цяпер замест аўтамабіляў французскага брэнда, якія ўваходзілі ў топ-5 прадаваных аўто ў Беларусі, будуць выпускаць «Масквіч», які па сутнасці з'яўляецца кітайскім JAC JS4. 

JAC JS4. Фота: ccarprice.com

На калінінградскім заводзе «Аўтатор», дзе да вайны збіралі BMW, Kia і Hyundai, да канца года плануюць наладзіць выпуск аўтамабіляў трох кітайскіх брэндаў. 

На заводзе Sollers, дзе раней выпускалі Ford Transit, цяпер будуць збіраць кітайскія мікрааўтобусы і грузавікі JAC. Адну з мадэлей, якую плануюць збіраць у Расіі, у Беларусі ўжо выпускаюць з 2018 года. Робяць гэта пад брэндам МАЗ. 

Фота: прэс-служба МАЗа

Адным з найбольш верагодных прэтэндэнтаў на зборку машын на былым заводзе Nissan у Расіі называюць кітайскі FAW.

Іншыя сусветныя аўтавытворцы, якія заявілі пра сыход з рынку, чакаюць пакупнікоў сваіх актываў у РФ. Сярод іх VW, Toyota і Mercedes-Benz. 

Апроч кітайскіх вытворцаў на рынак РФ прыходзіць іранская кампанія Iran Khodro. Днямі Іран падпісаў з Расіяй мемарандум аб экспарце сваіх аўтамабіляў на 300 мільёнаў даляраў. Беларусам марка вядома тым, што раней у нас ужо збіралі іранскія Samand. 

Пакуль расійскія заводы, на якіх да нядаўняга часу выпускалі аўтамабілі сусветных брэндаў, перабудоўваюцца пад зборку кітайскіх машын, у Беларусі пачынаюць з'яўляцца новыя дылеры, якія прадаюць новыя для нас брэнды з Кітая. Так, напрыклад, у кастрычніку ў Мінск прыбыла першая партыя ліфтбэкаў JAC J7. Аўтамабілі маркі JAC пачынаюць прадаваць і там, дзе раней прадавалі Mazda. Іншыя дылеры прапануюць пакупнікам багі і квадрацыклы кітайскага вытворцы Hisun. Таксама на беларускім рынку актыўна прасоўваюцца кітайскія Haval і Chery. 

Імаверна, доля аўто з кітайскімі каранямі на нашым рынку працягне расці, бо на заводах, дзе раней рабілі BMW, Renault ці Nissan, цяпер будуць збіраць JAC, Chery і FAW. 

Заканадаўства ЕАЭС арыентавана на тое, каб у краіны садружнасці імпартавалася як мага менш транспарту з трэціх краін. Высокія загараджальныя пошліны і іншыя патрабаванні робяць імпарт машын не толькі дарагім, але і дастаткова складаным. Менавіта таму большасць новых аўто, якія прадавалі ў нашых салонах, былі зроблены на тэрыторыі Расіі, дзе сканцэнтравана асноўная маса заводаў.

Чытайце таксама: 

У Расіі збіраюцца выпускаць уласныя мінівэны. Толькі паглядзіце, як яны выглядаюць і за колькі будуць прадавацца

Nashaniva.com