Мясніковіч сустрэўся са Стывенам Сігалам ФОТА
Старшыня Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч сустрэўся са Стывенам Сігалам і падзяліўся з ім адной добрай ідэяй.
01.12.2022 / 12:21
Фота: Eec.eaeunion.org
Мясніковіч падзяліўся з Сігалам ідэяй стварэння Еўразійскай кінаакадэміі і кінапрэміі. Ён таксама распавёў аб асноўных напрамках дзейнасці ЕЭК, падкрэсліў важную ролю еўразійства ва ўмацаванні не толькі эканамічных, але і гуманітарных і сацыякультурных адносін паміж народамі на еўразійскай прасторы, дзе «Стывен Сігал займае на сённяшні дзень значнае месца з улікам яго багатага жыццёвага, прафесійнага досведу і сусветнай папулярнасці».
Мясніковіч праінфармаваў знакамітага акцёра аб Еўразійскім эканамічным форуме ў Бішкеку, які прайшоў у гэтым годзе, дзе кіраўнікам дзяржаў-членаў ЕЭС і была прапанавана ідэя стварэння Еўразійскай кінаакадэміі і кінапрэміі.
Стывен Сігал у сваю чаргу падзякаваў Мясніковічу за цёплы прыём. Ён адзначыў, што ўсе краіны Еўразійскага эканамічнага саюза яму добра вядомыя, з некаторымі з іх звязана яго сямейная гісторыя, і выказаў гатоўнасць правядзення рэгулярных сустрэч, у тым ліку для магчымага садзейнічання ў прапрацоўцы ініцыятыў камісіі, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Некалькі гадоў таму Сігал прыязджаў у Беларусь і Лукашэнка карміў яго морквай.