У Беларусі забаранілі расійскую дзіцячую энцыклапедыю

Дзяржстандарт прызнаў небяспечнай прадукцыяй «Энцыклапедыю дашкольніка» пад рэдакцыяй Марыны Дружынінай, выдадзеную маскоўскім выдавецтвам «Высшая школа» і надрукаваную Смаленскім паліграфічным камбінатам. Прычына — няправільныя прабелы паміж словамі.

01.12.2022 / 21:22

«Фактычна кегль асноўнага шрыфту склаў 5,3 мм. Пры гэтым з дзесяці пракантраляваных старонак у трох з пяці адвольна выбраных радках на кожнай старонцы мінімальны прабел паміж словамі роўны 1,65 мм, максімальны — 1,80 мм», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Згодна з тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза, прабел паміж словамі ў кнігах для дашкольнікаў павінен быць роўны кеглю шрыфту. Тут рэальны прабел разышоўся з нормай ажно ў тры разы.

У выніку кнігу забаронена ўвозіць і прадаваць у Беларусі, а парушэнні прадпісана выправіць.

Nashaniva.com