У эфіры «Дождя» спыталі, ці камфортна ваяваць расіянам ва Украіне. А потым заявілі, што іх не так зразумелі

У эфіры расійскага тэлеканала «Дождь» вядучы занепакоіўся, ці камфортна расійскім вайскоўцам ваяваць ва Украіне. Пасля скандалу галоўны рэдактар тэлеканала Ціхан Дзядко заявіў, што іх не так зразумелі.

02.12.2022 / 12:39

Скрыншот: эфір канала «Дождь»

«Дождь» выдаліў запіс гэтага эфіру са сваіх рэсурсаў, аднак ён паспеў разысціся па сетцы.

«Адпраўляйце нам паведамленні на пошту army@tvrain.tv або пішыце нам у наш тэлеграм-бот. <…> Мы спадзяёмся, што многім вайскоўцам у тым ліку мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з рыштункам і проста элементарнымі выгодамі на фронце», — заявіў вядучы тэлеканала ў выпуску праграмы «Тут і цяпер» ад 1 снежня.

Сетка імгненна выбухнула абурэннем. У прыватнасці, гледачы нагадалі, што тэлеканал вяшчае з Латвіі, краіны ЕС і НАТА, таму яго падтрымка расійскай арміі недапушчальная. Іншыя пачалі разважанні на тэму, што «добрых рускіх» не бывае.

Пасля крытыкі ў сетцы галоўны рэдактар тэлеканала «Дождь» Ціхан Дзядко паспрабаваў апраўдацца, даўшы зразумець, што вядучага тэлеканала не так зразумелі і што гаворка ішла пра заклік даваць звесткі пра злачынствы арміі РФ ва Украіне.

«Тэлеканал «Дождь» не займаўся, не займаецца і не будзе займацца дапамогай з аснашчэннем расійскага войска — на фронце ці за яго межамі. Паштовая скрыня army@tvrain.tv створана для збору асабістых сведчанняў аб злачынствах расійскага войска ва Украіне і аб парушэннях падчас правядзення злачыннай і бессэнсоўнай мабілізацыі ў Расійскай Федэрацыі», — напісаў Ціхан Дзядко.

Ён паспрабаваў растлумачыць, што распаўсюд інфармацыі пра гэта неабходна для ўсведамлення шырокай аўдыторыяй злачыннага характару дзеянняў расійскага кіраўніцтва, пачынаючы з 24 лютага 2022 года. На яго думку, праўду пра злачынную і подлую вайну павінны ведаць усе расійскія грамадзяне, уключаючы вайскоўцаў і мабілізаваных.

Таксама ён паведаміў, што тэлеканал выдаліў гэты фрагмент з запісаў эфіру, і папрасіў прабачэння ў гледачоў.

«Паколькі фраза, якая прагучала ў эфіры, уводзіць у зман нашых гледачоў, мы прынялі рашэнне неадкладна выдаліць яе з паўтораў і з запісу эфіру. Мы просім прабачэння ў нашых гледачоў», — напісаў галоўны рэдактар тэлеканала.

Nashaniva.com