Айцішнікі запусцілі лічбавую платформу «Новая Беларусь»
Сёння доўгачаканы праект, праца над якім працягвалася больш за год, выйшаў у адкрытае тэставанне. Цяпер праграму можна будзе спампаваць у Play Market і App Store.
02.12.2022 / 19:15
Так выглядае платформа «Новая Беларусь»
Распрацоўшчыкі абяцаюць, што на гэтай платформе змогуць гуртавацца беларусы, каб атрымліваць дапамогу, шукаць і прапаноўваць працу, разам бавіць час, ладзіць праекты і прымаць супольныя рашэнні.
Чытайце таксама: «Паспрабуем сабраць беларусаў як нацыю ў адно вялікае кам'юніці». Айцішнікі стварылі «Лічбавую Беларусь»
«Гэта магчымасць для тых, хто засталіся ў краіне, анлайн удзельнічаць у культурным, сацыяльным, а пазней і палітычным жыцці.
А тыя, хто з’ехалі, займеюць новыя гарызантальныя сувязі з землякамі і зямлячкамі, якіх раскідаў час па розных краінах. Кожны і кожная тут будуць сярод сваіх», — кажуць распрацоўшчыкі платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер і Яраслаў Ліхачэускі.
Мэтай айцішнікаў было стварэнне прасторы, на якой можна знайсці ўсё неабходнае, калі пераязджаеш у новую краіну.
«А ў працэсе працы нарадзілася нешта большае — цэлая дзяржава ў смартфоне. Мы запрашаем усіх неабыякавых да адкрытага бэта-тэставання», — кажа Яраслаў Ліхачэускі.
Зараз у прыкладанні ёсць блокі з навінамі, гайдамі па рэлакацыі, медычнымі і юрыдычнымі сэрвісамі, культурніцкімі падзеямі, бізнэсамі ды магчымасцю праводзіць апытанні.
Платформа «Новая Беларусь» можа стаць падмуркам для беларускай лічбавай дзяржавы. У хуткім часе тут абяцаюць запусціць плацёжную сістэму, якая дазволіць плаціць за тыя ці іншыя сервісы.
Спасылкі на аплiкацыю:
«Новая Беларусь» — Play Market
«Новая Беларусь» — App Store