«Польскае паўстанне пад Горадняй»
Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра грос-манэўры і рэакцыю заходніх суседзяў.
13.10.2009 / 12:23
Пасьля працяглага перапынку паглядзеў польскую перадачу пра новыя кніжкі, бальзам на душу. Затым была гутарка трох філёзафаў на тэмы дня. Дальбог, глыток польскага паветра ў гэтым разе — глыток паветра эўрапейскага. На родным «бэтэ» такую прыемнасьць яшчэ пакуль атрымліваеш адно ад «Тэлебаромэтру», як ні сьмешна…
І вось філёзафы з інтэлігентнай усьмешачкай, зь мяккім гумарам абмяркоўваюць апошнія падзеі. Напрыклад, грос‑манэўры Валодзі (іншых ня ўзгадваюць), зьвяртаючы ўвагу на цэлую вайну «на палігоне пад Берасьцем» і на змаганьне франтавой моцай з «польскім паўстаньнем пад Горадняй». Але ж! І што ж яны гавораць? А гавораць яны, што ў Польшчы (плач доблесная беларуса‑савецкая армія!) не заўважылі тытанічныя збройныя высілкі за ўсходняй мяжой. Большасьць прамаўчала, некаторыя, максімум, зьдзівіліся: фэ, хіба ж так можна — у цэнтры Эўропы ды ў нашыя дні ХХІ стагодзьдзя? Адзіная газэтка спрабавала біць у званы, дый на яе ўвагі асабліва не зьвярнулі, бо на ладан амаль дыхае.
Адзін філёзаф: яны тлумачаць — гэта вучэньні «на выпадак абароны». Абароны ад каго? Бадай Валодзя пабразгаў зброяй перад носам палякаў, бо Расея не мяжуе з Партугаліяй ці Гішпаніяй, але мяжуе з Польшчай, працягвае філёзаф. Вучэньні пад назовам «Захад» праводзяцца Масквой рэгулярна, нагадвае другі філёзаф: у 1981‑м (польскія падзеі), у 1999‑м (югаслаўскія), у 2009‑м нарэшце. А цяпер якія ж? Самае сьмешнае, зазначае трэці: у Польшчы, аказваецца, адрозна ад Валодзі, няма «пляну абароны». Па‑другое, Войскае Польскае на тры чвэрці па‑ранейшаму кватаруе на захадзе краіны, як і ў часы Варшаўскага дагавору. Па‑трэцяе, польскія вайскоўцы сёньня адно абмяркоўваюць — паслаць яшчэ жаўнераў у той Аўганістан, ці, наадварот, частку вярнуць дахаты? Іншага клопату няма.
І што вы на гэта скажаце? Напужалі мы, хлопцы, атрымліваецца, яжа голай… Гэта ж мільёны народныя з дымам распусьцілі! Народ бітву за ўраджай гераічна вядзе, за «купляй беларускае!», а мы — «браня крапка і танкі нашы быстры!» Учынілі на бронетэхніцы і летаках цыганачку, лязьгінку, яблычак і танец з шаблямі разам, відовішчы піратэхнічныя. Не, летакі, напрыклад, мне самому падабаюцца душэўна, канечне. А гэтая нарэзачка, дзе цыркавыя нумары папросту вырабляюць абаронцы айчыны ад «польскага паўстаньня»?! Асабліва, ці памятаеце, як завіс раптам над акопамі наш цуд‑лятак, каб разаслаць пачак ракет — кожную ў асобную цэль? І табе Лех, і табе Зьбігнеў, і табе Гжэгаж! Пад Горадню каралеўскую!
Тэлеглядач наш прывучаны з брэжнеўскіх часоў, каб лічыльная машынка працавала ў галаве, вось і задумаешся міжволі: хто ж такі шчодры грандыёзны наш мілітарны спэктакль аплаціў у часы, трасца на яго, крызісу і закаркоўваньня складоў чаравікамі і карданамі? Хай ня дзядзечка Сэм, канечне, але тады цётачка Ангэліка можа, ці мсье Нікаля, анкл Браўн ці зусім ужо «віва Італія, віва Бэрлусконі!»?!
Хіба што грос‑манэўры нашыя прайшлі ўзорам грос камуністычнага суботніка: кожны са сваім порахам, рыдлёўкі, танкі — напракат. Але некаторыя вось гавораць — Валодзя аплаціў рахункі за бомбы‑кулямёты. Нездарма, кажуць, адразу пасьля прычыніў кармушку сваю, сталоўку бясплатную салдацкую… Ведаеце, мне лётчык стары апавядаў: узьлятае полк, стрэліць дружна на палігоне, некалькі дамоў 4‑5‑ціпавярховых ужо не пабудуеш. Дык тое ж за царом Гарохам амаль было, сёньня колькі дамоў мы, хлопцы, у дым ператварылі?! І самае ж крыўднае: мы ж… рвалі, а яны, паразіты, не ацанілі нават, пся крэў!
Размаўлялі мы затым на вуліцы з прыяцелем пра гутарку філёзафаў польскіх ды пра наш гучны «адказ Чэмбэрлену», а ён раптам: а ты памятаеш вайсковую прымаўку — «(…) вайна, глаўнае манёўры»?! Памятаю, кажу, як жа ня памятаць, але па‑мойму разумней эканоміць порах у крызіс, чымсьці ўвесь выпаліць за раз… Прыяцель падумаў‑падумаў і мовіў: дык ці дапяў ты, навошта ім саюз палякаў адзін трымаць у яжовых рукавіцах, без рэгістрацыі? Я паглядзеў на яго і не стрымаўся: ну, ты — мозг, дзядзька! А сапраўды: каб зарэгістраваць, трэба ўзяць аркушык і зрабіць адбітак пячаткі… Вось‑вось, кажа ён, але тады як праводзіць наступныя грос‑манэўры, якое ты паўстаньне пад Горадняй прыдумаеш — яцьвягаў, тэўтонаў, прусаў, ці дзукаў? А калі касьцюшкоўцаў? — пытаюся. — Цалкам падыдзе, трэба падказаць нашаму мінабароны, будзе нагода сувораўцаў сваіх выкарыстаць на поўную катушку, як калісьці… Гісторыя, як добра вядома, паўтараецца.