Пачынаецца суд над «рэйкавым партызанам», якому пры затрыманні прастрэлілі калені

Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме 5 снежня пачынае разгляд рэзананснай крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з «рэйкавых партызан» — Віталія Мельніка, якому пры затрыманні сілавікі прастрэлілі калені.

05.12.2022 / 11:33

Судовы працэс будзе весці суддзя Анжаліка Данілава, паведамляе «Вясна».

У чым абвінавачваюць Мельніка?

Следства канчаткова выставіла абвінавачанне па пяці артыкулах:

Па сукупнасці пакаранняў па прад'яўленых абвінавачаннях яму можа пагражаць зняволенне ад 10 да 20 год.

Што паведамляе пракуратура?

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Следчага камітэта, які ўстанавіў, што 40-гадовы Віталь Мельнік у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Супрацьпраўныя дзеянні нібыта стварылі рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджання рухомага саставу, гібелі альбо траўмавання людзей.

У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена дачыненне абвінавачванага да ўчынення іншых злачынстваў.

Так, па інфармацыі пракуратуры, у аўтамабілі і па месцы жыхарства мужчыны была знойдзена незарэгістраваная агнястрэльная зброя (пісталеты). У сацыяльных сетках ён неаднаразова публічна абражаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пры затрыманні фігуранта супрацоўнікі органаў унутраных спраў абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю — выстралілі па яго ніжніх канечнасцях, паколькі была рэальная пагроза ўзброенага супраціву.

Момант затрымання Мельніка

Падрабязнасцяў па справе пакуль небагата

Вядома, што мужчына жыве ў вёсцы Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця. Сям'я лічыць, што Віталь не мае дачынення да прад'яўленых артыкулаў і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама з тым, што раней у Віталя была судзімасць.

Іншыя падрабязнасці справы пакуль невядомыя. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазней устаноўлена, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Перасоўваецца на мыліцах.

Nashaniva.com