Нацбанк выключыў еўра з кошыка валют, замяніў яго долю на расійскі рубель

З 12 снежня 2022 года еўра выключаць з кошыка замежных валют. Пра гэта паведаміла прэс-служба Нацбанка.

08.12.2022 / 13:28

Выключэнне еўра з валютнага кошыка Нацбанк тлумачыць павелічэннем аб'ёмаў знешняга гандлю з Расіяй і Кітаем і пашырэннем выкарыстання валют гэтых краін пры знешнегандлёвых аперацыях, а таксама адначасовым скарачэннем тавараабароту з краінамі ЕС і разлікаў у еўра.

«У гэтых умовах змянілася структура гандлёвых аперацый у ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа». Адбылося павелічэнне аб'ёму здзелак з расійскім рублём і іх долі ў агульным аб'ёме біржавых таргоў пры адначасовым зніжэнні аб'ёму і ўдзельнай вагі аперацый з еўра», — тлумачаць у Нацбанку.

Пасля выключэння еўра з кошыка валют доля расійскага рубля ў ім будзе займаць 60%, даляра — 30%, кітайскага юаня — 10%.

З 15 ліпеня 2022 г. склад кошыку валют быў такі: расійскі рубель — 50%, даляр — 30%, еўра — 10%, кітайскі юань-10%.

Пры гэтым правядзенне таргоў еўра на Беларускай валютна-фондавай біржы працягнецца, а афіцыйны курс беларускага рубля да еўра будзе вызначацца на падставе інфармацыі аб крос-курсе еўра да даляра на міжнародных фінансавых рынках, адзначаюць у Нацбанку.

Многія эканамісты лічаць цяперашні курс расійскага рубля нярынкавым і завышаным. Зараз беларускі рубель будзе ў большай ступені прывязаны да гэтага курса.

Nashaniva.com