«Адчувае сябе бадзёра». Бацькам журналісткі Ірыны Слаўнікавай далі сустрэцца з ёй пасля разгляду апеляцыі ў Вярхоўным Судзе

Паводле іх, Ірына выглядае добра і адчувае сябе бадзёра. Яна перакананая ў сваёй невінаватасці і ў тым, што яе зняволенне − гэта палітычны пераслед за журналісцкую дзейнасць, піша «Белсат».

08.12.2022 / 14:08

Таксама Слаўнікава падзякавала за падрымку ўсім блізкім, знаёмым і калегам. Яна верыць, што хутка справядлівасць возьме верх.

Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка былі затрыманыя год таму, 30 кастрычніка 2021 года, у аэрапорце Мінска, калі вярталіся з адпачынку. Першапачаткова пара была асуджаная на 15 сутак арышту за «публікацыю ў фэйсбуку экстрэмісцкага кантэнту».

Пазней далі яшчэ 15 сутак, па сканчэнні якіх на Ірыну завялі крымінальную справу, а затым перавялі ў Следчы ізалятар №1 у Мінску. Ірыне першапачаткова было выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула 342 КК РБ, частка 1 — «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ці ўдзел у іх». А пазней яе прызналі вінаватай у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».

3 жніўня Ірыну Слаўнікаву асудзілі на пяць гадоў калоніі. Прычым далі на год больш, чым прасіў пракурор.

Nashaniva.com