Як змяніўся рэйтынг тэлеперадач, якія круцяць у Беларусі, з пачатку вайны? Займальная карціна
За 9 месяцаў поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны беларусы, якія глядзяць тэлебачанне, сталі меней сачыць за выпускамі навін на прапагандысцкіх каналах. Сваю ўвагу яны пераключылі на забаўляльныя праграмы.
08.12.2022 / 20:43
Фота: Sergei Gapon /AFP / EAST NEWS
Такія высновы можна зрабіць пры параўнанні таго, як выглядала сітуацыя з папулярнасцю тэлепраграм на пачатку вайны і ў канцы лістапада.
Замярае аўдыторыю тэлеканалаў кампанія «МедыяВымяральнік». Яна вывучае сітуацыю на медыярынку і складае ў тым ліку топ-15 самых рэйтынгавых тэлеперадач.
Што паказала даследаванне глядацкіх пераваг з 28 лютага па 6 сакавіка
У топ-15 тэлеперадач «чыстыя» выпускі навін тады займалі першыя чатыры месцы.
Лідарам была праграма «Сегодня» на канале «НТБ-Беларусь» а 19-й гадзіне.
«Вести» ад «Расіі-Беларусь», якія перадавалі а 17-й гадзіне, былі на другім месцы. Вячэрнія «Наши новости» ад АНТ — на трэцім.
Скрыншот: справаздача кампаніі «МедыяВымяральнік»
На чацвёртым радку — «Новости-Беларусь», якія паказвалі ў 16:50 на тэлеканале «Расія-Беларусь».
Пятую пазіцыю на пачатку вайны займалі «Итоги недели с Ирадой Зейналовой» на канале «НТБ-Беларусь».
Агулам праграмы пра палітыку (выпускі навін і прапагандысцкія ток-шоу) займалі 12 з 15-ці пазіцый у топе.
З забаўляльных перадач найбольшы рэйтынг сярод беларускіх гледачоў мела ток-шоу «Привет, Андрей!» з Андрэем Малахавым, якое трансляваў канал «Расія-Беларусь». Яно ў топе на шостым месцы. Глядзелі таксама серыял «Пёс-5» і праграму «Следствие вели» (і тое, і тое — канал «НТБ-Беларусь»).
Перадачы з навінамі ці іх абмеркаваннем былі ў топе і на кожным інфармацыйна-палітычным канале паасобку (апроч тэлеканала «Мір»).
Што зафіксавала даследаванне глядацкіх пераваг з 21 па 27 лістапада
Лідарства ў топе захапілі забаўляльныя перадачы.
«Привет, Андрей!» стаў самай рэйтынгавай перадачай у апошні тыдзень лістапада.
«Песни от всей души», якія перадаваў канал «Расія-Беларусь», выскачылі на другое месца. Праграма «Суперстар. Возвращение» на канале «НТБ-Беларусь» заняла трэці радок.
Скрыншот: справаздача кампаніі «МедыяВымяральнік»
З навін найлепшы рэйтынг мелі «Вести недели» ад «Расія-Беларусь» — чацвёрты радок у топе.
А замыкае пяцёрку лідараў «Поле чудес» на АНТ.
Выпускі навін і іншыя перадачы пра палітыку занялі толькі пяць радкоў з 15-ці ў топе.
Калі глядзець папулярныя перадачы для кожнага інфармацыйна-палітычнага канала асобна, то навіны на першым месцы толькі на СТБ.
У Расіі прапагандысцкія перадачы вылецелі нават з топ-50
Расійскія тэлегледачы практычна адмовіліся ад прагляду прапагандысцкіх ток-шоу, пераключыўшыся на забаўляльны кантэнт, піша тэлеграм-канал «Можем объяснить» са спасылкай на даныя кампаніі «Медыяскоп».
У першы тыдзень снежня самай папулярнай праграмай стала трансляцыя футбольнага матча паміж Францыяй і Польшчай на чэмпіянаце свету. У дзясятку патрапілі яшчэ тры футбольныя трансляцыі, а таксама «Новая бітва экстрасэнсаў».
У той жа час ток-шоу прапагандыстаў Вольгі Скабеевай і Яўгена Папова «60 минут» заняло толькі 62-е месца ў топе самых папулярных тэлепраграм. А падобныя праграмы «Время покажет», «Вечер с Владимиром Соловьевым», «Место встречи» ўвогуле не ўвайшлі ў сотню лепшых, хоць раней расіяне іх глядзелі з задавальненнем.