У Іране пакаралі смерцю першага чалавека, асуджанага за пратэсты

У Іране пакаралі смерцю першага ўдзельніка восеньскіх пратэстаў, перадае Бі-бі-сі са спасылкай на іранскія дзяржаўныя СМІ. 23-гадовага Махсена Шэкары павесілі зранку ў чацвер.

08.12.2022 / 17:45

Рэвалюцыйны суд прызнаў Махсена Шэкары вінаватым у «варожасці супраць Бога». Паводле абвінавачвання, 25 верасня актывіст блакаваў галоўную дарогу ў Тэгеране і параніў мачэтэ члена грамадзянскай міліцыі «Басідж».

Сам Махсен Шэкары заявіў, што гэта быў «паказальны суд без якой-небудзь належнай прававой экспертызы». Ён абскардзіў прысуд у Вярхоўным судзе, але безвынікова.

У іранскіх СМІ паведамляецца, што да смяротнай кары за ўдзел у пратэстах асуджаныя яшчэ дзесяць чалавек.

Падставай для восеньскіх пратэстаў па ўсім Іране стала смерць у выніку збіцця сілавікамі 22-гадовай дзяўчыны Махсы Аміні, абвінавачанай у «няправільным» нашэнні хіджаба. Падчас пратэстаў загінула некалькі соцень чалавек, тысячы былі затрыманыя. У падтрымку пратэстаў выказваліся многія вядомыя ў Іране і свеце грамадзяне гэтай краіны.

Чытайце таксама:

Пляменніцу аяталы Хаменеі арыштавалі пасля таго, як яна заклікала замежныя ўрады разарваць сувязі з Тэгеранам

Іранскія баскетбалісткі знялі хіджабы ў знак салідарнасці з пратэстоўцамі супраць кіроўнага рэжыму

«У Іране сістэма ўстойлівая, бо там няма манаполіі на ўладу». Усходазнаўца расказаў, ці могуць пратэсты перамагчы і як збудаваная гэтая ўнікальная палітычная сістэма

Nashaniva.com