У Бельгіі арыштавалі намесніцу кіраўніка Еўрапарламента
У Бельгіі арыштавалі намесніцу кіраўніка Еўрапарламента і прадстаўніцу грэцкіх сацыялістаў Еву Кайлі.
09.12.2022 / 23:20
Бельгійская газета Le Soir сцвярджае, што Кайлі падазраюць у замаху на карупцыю. Крымінальная справа можа быць звязаная з чэмпіянатам свету па футболе, які акурат цяпер праходзіць у Катары.
Як паведамілі ў федэральнай пракуратуры Бельгіі, Федэральная судовая паліцыя правяла 16 ператрусаў па 14 розных адрасах у некалькіх муніцыпалітэтах Бруселя ў рамках «расследавання меркаваных дзеянняў злачыннай арганізацыі, карупцыі і адмывання грошай». Было канфіскавана 600 тысяч еўра наяўнымі, а таксама камп'ютары і мабільныя тэлефоны.
У ходзе ператрусаў таксама былі затрыманыя яшчэ чатыры чалавекі, у тым ліку былы італьянскі дэпутат Еўрапарламента ад групы сацыялістаў і дэмакратаў (S&D). Яго імя не называецца.
Паліцыя даўно падазравала, што адна з дзяржаў Персідскага заліва спрабавала паўплываць на парламент ЕС, у тым ліку прапаноўваючы падарункі і буйныя сумы грошай членам Еўрапарламента, паведамляе пракуратура.
У грэчаскай сацыялістычнай партыі ПАСОК заявілі, што Еву Кайлі сёння выключылі з членаў аб'яднання.