На граніцы з Польшчай памёр дальнабойшчык з Сербіі. Прапаганда раскруціла гэта па поўнай

У пункце пропуску «Бераставіца» ў зале мытнага афармлення памёр дальнабойшчык, які ехаў з Сербіі ў Казахстан. У выпуску дзяржаўнага тэлеканала «Гродна Плюс» трагедыю выкарысталі, каб раскрытыкаваць Польшчу.

10.12.2022 / 14:31

У сюжэце гаворыцца, што сербу стала кепска яшчэ ў Польшчы, але звяртацца там да медыкаў ён не хацеў, бо нібыта планаваў трапіць да беларускіх дактароў.

Далей на відэа паказваюцца абставіны здарэння: мужчына заходзіць у залу, садзіцца на крэсла, а пасля падае з яго. 

Потым у сюжэце паказваюць фельчара хуткай дапамогі, які чытае падрыхтаваны тэкст аб прычыне смерці і аб тым, што сітуацыя на граніцы можа падкасіць нават здаровага чалавека.

Тэму чэргаў закранае і судмедэксперт, які рабіў ускрыццё трупа: «Пускавым механізмам для развіцця кровазліцця ў падстраўнікавую залозу магло быць магчымае стаянне ў працяглых чэргах, немагчымасць прымання нейкіх медыцынскіх прэпаратаў, якія маглі б не абвастраць дадзены працэс, калі ў яго такі меўся, вось менавіта балючыя змены ў падстраўнікавай залозе».

У відэа таксама паказваюць іншых дальнабойшчыкаў, якія нахвальваюць беларускіх пагранічнікаў і мытнікаў і крытыкуюць палякаў.

Nashaniva.com