У Веткаўскім раёне забілі шалёнага ваўка

Супрацоўнікі міліцыі абясшкодзілі шалёнага ваўка ў Веткаўскім раёне, расказалі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.

11.12.2022 / 08:54

Фота ілюстрацыйнае

Па звестках ведамства, званок ад жыхара вёскі Тарасаўка паступіў у суботу каля 19 гадзін. Мужчына паведаміў, што ў населеным пункце з'явіўся дзікі воўк. Жывёліна паводзіла сябе дзіўна, бегала па падворках і нападала на хатніх жывёл.

На месца накіраваліся міліцыянты. Яны знайшлі драпежніка проста на дарозе і паспрабавалі прагнаць яго, аднак няўдала.

Паводзіны ваўка схілялі да думкі, што ў яго шаленства. Жывёліна агрызалася, спрабавала напасці на службовы аўтамабіль, а ў выніку ўцякла ў адзін з прыватных падворкаў. Там ваўка ўдалося загнаць у хлеў. Пры гэтым, як распавялі ва УУС, аднаго мужчыну «цаной жыцця абараніў мясцовы дварняк».

У выніку супрацоўнікі РАУС адкрылі агонь з табельнай зброі і абясшкодзілі жывёлу. Адзначаецца, што людзі ў выніку здарэння не пацярпелі.

Nashaniva.com