«Беларусы і рынак» спынілі выхад па патрабаванні Мінінфармацыі

На мінулым тыдні стала вядома, што газета «Беларусы і рынак» спыняе выхад пасля 32 гадоў існавання. Сёння выданне патлумачыла, што спыняе выхад згодна з патрабаваннем Міністэрства інфармацыі.

12.12.2022 / 17:06

«Каб пазбегнуць інсінуацый з нагоды спынення выхаду найстарэйшай незалежнай беларускай газеты, паведамляем, што на мінулым тыдні рэдакцыяй быў атрыманы ліст з Міністэрства інфармацыі. У ім гаворыцца аб ануляванні пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі газеты «Беларусы і рынак». Падставай для гэтага названы падпункт 2.8 пункта 2 артыкула 15 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

У загадзе ўтрымліваецца патрабаванне выключыць з дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі газету «Беларусы і рынак», а таксама прадпісваецца сектару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканадаўства прыняць меры па рэалізацыі загаду», — тлумачыць выданне.

Дакумент падпісаны 1 снежня міністрам інфармацыі Уладзімірам Пярцовым.

Такім чынам, на падставе загаду рэдакцыя спыняе працу па выпуску друкаванай версіі газеты.

У гэтым снежні выданню споўнілася б 32 гады. Яно пачало сваю дзейнасць яшчэ ў часы СССР.

Nashaniva.com