У Варшаве пакажуць спектакль паводле тэкстаў Андрэя Хадановіча

15 снежня ў 19:00 на вялікай сцэне тэатра Komuna Warszawa адбудзецца спектакль «Pomìędzy/паміж» паводле тэкстаў Андрэя Хадановіча, паведамляе Reform.by.

13.12.2022 / 22:05

Андрэй Хадановіч — у цэнтры. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

«Спектакль на дзвюх мовах, па-польску і па-беларуску — паведамляе Андрэй Хадановіч у фэйсбуку. — Кампазітар і рэжысёр Рафал Рытэрскі, акторка Караліна Станец, відэа-сцэнаграфія Оля Олдак. Таксама зайграю, у ролі сябе самога, пачытаю трохі вершаў і заспяваю трохі песень. Будзе «На беразе Волі» і, зразумела, «Навагодняя паштоўка».

У аснове гэтага спектакля — радыёспектакль, заснаваны на тэкстах Андрэя Хадановіча і саўндтрэку, зробленым Рафалам Рытэрскім — кампазітарам, праграмістам, стваральнікам мультымедыйных праектаў. Ён прысвечаны беларускаму супраціву, палітычнаму патэнцыялу музыкі і эмігранцкаму досведу.

Праект быў створаны ў супрацоўніцтве Radio Kapital з гарадскім Домам культуры і фінансуецца горадам Варшава з фонду ўстаноў культуры.

Спектакль адбудзецца 15 снежня ў 19:00 у тэатры Komuna Warszawa (Emilii Plater, 31). Уваход вольны!

Nashaniva.com