Чарговая аблава, цяпер у Жлобіне: затрымалі не менш за пяць чалавек
Рэпрэсіі супраць праціўнікаў самадзяржаўя не спыняюцца.
15.12.2022 / 19:50
Затрыманыя жлобінцы. Фота: сацсеткі
Сёння на праўладных каналах выйшла відэа з затрыманымі, гэтым разам — са Жлобіна. Затрыманыя (на фота злева направа і зверху ўніз): Марына Ляхновіч, Таццяна Дземчанка, Вадзім Кір'янаў, Настасся Татарынава і Кірыл Камароў.
Прынамсі аднаго з іх ужо затрымлівалі па адміністрацыйных «пратэсных» справах — менавіта ягонае брутальнае затрыманне бачнае на відэа. Нягледзячы на тое, што хлопец не аказвае аніякага супраціву, на яго навальваюцца тры чалавекі і кладуць тварам у снег. Пасля гэтага яны ж валакуць яго ў аддзяленне міліцыі.
Затрыманыя (прынамсі, частка з іх), мяркуючы па ўсім, знаёмыя між сабой. Сілавікі абвінавачваюць людзей у тым, што яны ўдзельнічалі ў пратэстах у Жлобіне ў жніўні 2020 года.
Звычайна агульная колькасць затрыманых у раёнах нашмат большая за колькасць імён, вядомых напачатку.