Ля Гродна лось выйшаў на дарогу і стаў на калені ВІДЭА
Здарэнне адбылося на дарозе паміж Азёрамі і Астрыной, што за 35 кіламетраў ад Гродна, піша autogrodno.by.
16.12.2022 / 14:52
«Езджу вельмі шмат за горадам, і за апошні тыдзень проста ашаломлены колькасцю ласёў на дарозе. Праз недахоп мінералаў ім даводзіцца выходзіць на дарогу, што вельмі моцна зніжае бяспеку руху, асабліва ўначы», — піша чытач Андрэй.
Лось выйшаў на дарогу, стаў на калені і пачаў есці снег з соллю на дарозе.
Дзікай жывёле «было так смачна», што яе зусім не бянтэжыў аўтамабіль. Але ноччу на хуткасці сустрэча з падобнай жывёлай можа быць фатальнай.
За 11 месяцаў гэтага года на дарогах Гродзенскага раёна зафіксавана 97 выпадкаў гібелі дзікіх капытных жывёл у выніку дарожна-транспартных здарэнняў, у тым ліку 72 казуляў, 17 ласёў і 8 дзікоў.
У той жа час на дарогах Гродзенскай вобласці зафіксавана гібель у выніку ДТЗ 457 дзікіх жывёл: 339 — казуляў, 70 — ласёў, 30 — дзікоў, 15 — аленяў, 2 — ланяў і аднаго бабра.