Ці мог выжыць герой Дзі Капрыа з «Тытаніка»? У пытанні пастаўленая кропка
Смерць Джэка ў фінале «Тытаніка» нават праз 25 гадоў не дае спакою многім фанатам фільма. І рэжысёр Джэймс Кэмеран настолькі стаміўся ад абмеркаванняў гэтага моманту, што правёў спецыяльны навуковы эксперымент. Яго вынік — у Джэка не было шанцаў выжыць пасля крушэння карабля, піша «Чэмпіянат».
17.12.2022 / 12:21
Прыхільнікі фільма былі ўпэўненыя, што герой Леанарда Дзі Капрыа мог умясціцца на дзвярах, і тады яны разам з Роўз у выкананні Кейт Уінслет перажылі б катастрофу. Раней Кэмеран аднекваўся ад пытання, называючы мастацкія прычыны такога рашэння. Аднак зараз ён гатовы даказаць і адваротнае.
Для гэтага Кэмеран і каманда аднавілі дзверы з фільма і ўзялі двух каскадзёраў падобнай масы цела, што былі ў Кейт і Леа на момант здымак «Тытаніка», размясцілі на іх спецыяльныя сэнсары і «пратэставалі» сітуацыю.
І пасля мноства эксперыментаў, адказ быў відавочны: удваіх яны не могуць выжыць. Выжыць мог толькі адзін.
Спецыяльны міні-дакументальны фільм аб гэтым эксперыменце выйдзе ў лютым. Сам Кэмеран адзначае, што да гэтага часу не шкадуе аб рашэнні забіць Джэка.
«Ён павінен быў памерці. Гэта ж «Рамэа і Джульета». Гэты фільм пра каханне, ахвярнасць і смерць. Каханне вымяраецца ахвярнасцю», — сказаў рэжысёр.