«Раіў мне знайсці жаніха з АМАПа». Былая дэпутатка расказала, як кантактавала з Барсуковым
На ютуб-канале «Максімальна» выйшла гутарка з Вольгай Цесаковай, мінскай экс-дэпутаткай, якая ў 2020 годзе падтрымала народ падчас паслявыбарчых пратэстаў. Вольга згадала пра свой досвед камунікацыі з Аляксандрам Барсуковым, былым намеснікам кіраўніка МУС і цяперашнім інспектарам па Мінску.
17.12.2022 / 17:09
Гэты скрыншот і наступны: відэа на канале «Максімальна»
Цесакова пазнаёмілася з Барсуковым, калі яе пасадзілі ля чыноўніка на Усебеларускім народным сходзе ў 2021 годзе. Тады ён хацеў прадэманстраваць дэпутатцы відэа з Акрэсціна, якое нібыта сведчыла б, што гвалту з боку сілавікоў не было. Вольга расказала, што тое відэа так і не паглядзела, хаця і званіла Барсукову, каб дамовіцца пра сустрэчу і пабачыць запіс, бо чыноўніку нібыта ўвесь час «было не да таго».
Да неабходнасці правесці час побач з такім чалавекам Вольга ставілася спакойна: «Гутарылі пра пазіцыю, бо я разумела, што паколькі ён — інспектар па горадзе Мінску, я магу нешта яму расказаць. Часта мы сутыкаемся з некаторай інфармацыйнай бурбалкай, калі камунікуем у нашым асяроддзі, і нейкая інфармацыя для нас перакручваецца». На думку Цесаковай, у такой бурбалцы могуць апынуцца як прыхільнікі пратэсных поглядаў, так і тыя, хто на баку ўлады.
Што да Барсукова, камунікацыю з ім Вольга згадвае як даволі нефармальную.
«Я ніколі не хавала, што хадзіла на маршы, вельмі гучна абуралася тым, што кажуць, нібыта ходзяць алкаголікі і дармаеды на гэтыя маршы і грошы за гэта атрымліваюць. Мне б хоць хто якую капейку заплаціў: Мінгарсавет — бясплатна, на маршы — бясплатна!».
Жанчына спрабавала давесці, што яна не падыходзіць пад тое апісанне тыповага пратэстоўцы, якое малявалі дзяржСМІ, і што гэтыя пратэстоўцы проста жадаюць, каб іх пачулі. Яе здзівіла, што Барсукоў не адказваў ёй на гэта негатывам:
«Рэакцыя была, што трэба мяне адвесці да яго хлопцаў у АМАП і знайсці мне жаніха, бо, відаць, у мяне занадта шмат вольнага часу».