«Для нас, старых, гэта адзіная забаўка». Як аўталаўка аб'язджае маленькія вёскі
Двойчы на тыдзень па ціхіх вуліцах вёсак Глускага раёна разлятаецца гучны і працяглы сігнал: да мясцовых жыхароў прыехала крама на колах. Бабулі і дзядулі бяруць авоські, укладаюць у кашалёк спіс прадуктаў, напісаны ад рукі, і выходзяць з хаты. За гаспадарамі бягуць каты, сабакі і нават козы. Адны чакаюць лівернай каўбасы, іншыя — хлеба і цукерак. Мясцовыя ўжо заўважылі: у жывёл нейкае асаблівае чуццё ў гэтыя дні, яны часам першымі выстройваюцца ў чаргу. Што часцей за ўсё купляюць вяскоўцы ў аўталаўцы, пра што гавораць і чаго ім не хапае — у рэпартажы сайта «Смартпрэс».
18.12.2022 / 22:47
Раніцай вёска Масцішча нібыта пад снегавым коканам: снег шчодра накрыў дахі дамоў і лаўкі каля плота. На вуліцы — нікога. Тут дзесяць дамоў, на выгляд досыць дагледжаныя.
Дом, у якім няма жыцця, вылічыць проста: снегам занесены комін, няма слядоў каля брамкі. І ў Масцішчы амаль усе хаты такія. Але раптам з-за павароту з'яўляецца жанчына, у руках — пустое вядро.
Тут і далей фота Лізаветы Дабрыцкай
— Нікога вы тут не знойдзеце. Тут толькі я і Толік, — кажа Маша.
Толік — яе муж. Выходзіць, што на ўсю вёску адзін жылы дом.
— Мне сёння аўталаўка не патрэбная, калі нешта трэба, еду на ровары ў Бабірова (да суседняй вёскі 3 км).
Маша дзівіцца, што некаму спатрэбілася іхняе Масцішча, і сыходзіць за вадой. У 10.00 па раскладзе заязджае аўталаўка, пакупнікоў няма, машына разварочваецца і з'язджае.
Для вясковых прадавец аўталаўкі — «Волечка», кіроўца — «вельмі паважлівы»
Наступны прыпынак — Горнае. Па вузкай вуліцы белы фургон райспажыўтаварыства коціцца гучна — так раней па вёсцы ехалі маладыя: сігналілі без перапынку, прыцягваючы да сябе ўвагу.
Тыя часы прайшлі, вялікія вёскі сталі маленькімі, многія з'ехалі, засталіся пенсіянеры. Прасігналіўшы мясцовым, машына спыняецца каля дома Аляксандра Белавушкі.
Кіроўца аўталаўкі Валерый Грышын выходзіць з кабіны, адкідае спецыяльную лесвіцу, каб прадавец Вольга Жынько магла зайсці ўсярэдзіну крамы на колах. Адчыняецца вітрына, пачынаецца гандаль.
— Добры дзень! Дайце мне хлеба, малака, каўбасы, масла і смятаны, — кажа Аляксандр Белавушка. Сёння ён адзіны пакупнік, усяго тут на зіму застаецца тры чалавекі. — Вось капусту замовіў у аўталаўцы, прывезлі.
— Квашаную? — удакладняюць.
— Наш дзядуля не гультай, сам яе робіць, яшчэ і нас частуе, — смяецца прадавачка Вольга Мікалаеўна.
Аляксандр Сямёнавіч адносіць дадому пакупкі і выходзіць яшчэ раз да аўталаўкі — пагаварыць з яе супрацоўнікамі. Па раскладзе машына стаіць тут паўгадзіны. Людзі прыходзяць не толькі па пакупкі, але і па чалавечыя зносіны. У маленькіх вёсках іх вельмі не хапае.
За гадоў сем, што Вольга і Валерый ездзяць па гэтым маршруце, яны пазнаёміліся і пасябравалі з мясцовымі бабулямі і дзядулямі. З боку іх размовы выглядаюць так: «Волечка, а прывезлі тыя смачныя булачкі?», «Волечка, мінулая каўбаса была такая смачная».
Кіроўцу пакупнікі часцей за ўсё апісваюць так — «вельмі паважлівы»:
— Ён жа і сумкі ды хаты данясе. І калі бачыць, што нехта з хворымі нагамі не можа дайсці да аўталаўкі, пад'едзе.
Сабака Маруська ходзіць да аўталаўкі, каб выпрасіць у пакупнікоў цукеркі
Даўжэй за ўсё гандаль ідзе ў Сіманавічах — дзве гадзіны. Вёска доўгая, звілістая, і для аўталаўкі тут выдзелена сем прыпынкаў.
Колькі тут жыхароў, мясцовыя дакладна не скажуць. Хтосьці з'ехаў на зімоўку да дзяцей у горад, дачны сезон завяршыўся — па розных падліках, засталося чалавек з пяцьдзясят.
Каля хаты Валянціны на плоце калышацца пустая торба — гэта сігнал для аўталаўкі. Значыць, жанчына сёння гатовая да пакупак. Яна выбягае з хаты ўлегцы і амаль скорагаворкай паведамляе:
— Абслугоўванне вельмі добрае. Сёння на замову прывезлі разруб свініны, — у гэты момант прадавец узважвае вялікія кавалкі мяса. — Зраблю каўбасу, фарш. Паціху рыхтуюся да Новага года.
Кіроўца падхоплівае цяжкія сумкі з пакупкамі і адносіць проста ў хату.
— Пакладзіце на стол, калі ласка, — крычыць яму ўслед Валянціна і замаўляе ў прадаўца на наступны раз свіную галёнку.
Самы час прайсціся па цэнах. Кілаграм такога мяса каштуе 9,68 руб., малако 3,2% — 1,55-1,91 руб., масла сметанковае — 3,9 руб., сыр каўбасны — 2,85, булачка з макам — 34 капейкі, хлеб — 1,30 руб. У катэгорыі самых дарагіх тавараў — каўбасныя вырабы. Вараная каўбаса каштуе ад 6 да 10 руб., за кілаграм грудзінкі давядзецца аддаць 15,19 руб., за кавалачак «Магілёўскі» — 17,56 руб.
Увесь хлеб і булачкі — мясцовыя, глускія. Вяскоўцы адзначаюць: яны заўсёды свежыя, смачныя і недарагія.
— Дзе вы бачылі булачкі па 34 капейкі? Як кажуць дачнікі-мінчане, яны ж дармовыя, — гавораць мясцовыя.
Тавар у аўталаўку падбіраецца з улікам даходаў бабуль і дзядуль — іх пенсій. Тут вы не сустрэнеце чырвонай рыбы або ікры. Неяк у продажы была скрынка цукерак па 24 рублі, але так і засталася незапатрабаванай.
Абслужыўшы адных пакупнікоў, аўталаўка едзе да іншых. Яе ўжо чакае сапраўдная чарга з шасці чалавек. І маленькая сабачка Маруська. Яна нервуецца, махае хвастом і гатовая загыркаць.
— Цукерак чакае, — тлумачыць яе гаспадар Руслан.
Марусю частуюць карамелькамі. Дзве цукеркі — і ўжо сябры.
— Гэта сабака суседкі, бабуля памерла, і мы забралі Марусю да сябе. Вельмі любіць цукеркі, акрамя шакаладных і мятных. Маруська спецыяльна ідзе да аўталаўкі, каб ёй што-небудзь купілі, — у гэты момант Руслан дастае з сумкі аўсянае печыва і працягвае пухнатай ласусе. Яна з'ядае і задаволеная бяжыць за гаспадаром дадому.
Пакуль размаўляем у чарзе, адна з жанчын распавядае:
— Людзей у нас няма! Ферма закрылася, усё закрылася. Хай бы праца якая ў вёсцы з'явілася, хоць заводзік маленькі. Дайце нам сюды людзей падымаць вёску.
«Як катоў карміць, дык лепш кабана ці карову»
А аўталаўка далей коціцца па Сіманавічах. На лавачцы каля прыпынку яе чакаюць 85-гадовая Ева Яўхімаўна, заматаная ў пуховую хустку, і 80-гадовая Любоў Андрэеўна, якая абапіраецца на кіёк. Каля ног бабуль круцяцца пухнатыя каты.
— І яны ідуць ды аўталаўкі, хочуць смачнага — ліверкі. Як катоў карміць, дык лепш кабана ці карову, — разважае Ева Яўхімаўна. Ёй у аўталаўцы «ўсяго навалам, прадавец удалы».
Цяпер гэта месца сустрэчы для мясцовых. Тут абмяркоўваюць апошнія вясковыя навіны: да каго паехала хуткая, чаму два дні не ходзіць пошта, калі прыедуць у госці дзеці і ўнукі. Як нехта заўважыў, «прыезд аўталаўкі для нас, старых, — адзіная забаўка».
— Хіба мы зімой будзем хадзіць адна да адной? Такія ўжо мы хадакі. Ды і куды ісці? Суседка маладая. А хіба маладыя крэпка хочуць з намі, старымі, гуляць? — кажа Любоў Андрэеўна. — Але ж летам дык збіраемся ў кучку.
Ева Яўхімаўна праз некалькі хвілін размовы запрашае да сябе ў хату: «Паглядзіш, як у мяне чыста. Як я жыву». У яе сапраўды вельмі ўтульна: дагарае печка, вісяць вянкі з цыбуляй і часнаком, на стале вялікая кветка альяса.
У асноўным за пакупкамі выходзяць жанчыны, але раптам каля фургона райпо з'яўляецца Анатоль Андрэевіч: у адной руцэ яркі жоўты кошык, у іншай — кашалёк і спіс неабходных прадуктаў (батон, смятана, алей, печыва, зефір, кефір).
— Гэта ў яго жонка з'ехала, — смяецца чарга.
— Я пакуль адзін, халасцяк. А тут такія дзеўкі, — падхоплівае Анатоль Андрэевіч.
Калі жарты скончыліся, вяскоўцы просяць даць магчымасць выказацца: «Толькі не забудзьцеся напісаць пра нашу кепскую дарогу ў Сіманавічах. Там ламачча столькі, што не кожная машына праедзе. І сама дарога ўся ў выбоінах, цяпер яе прысыпалі снегам. Як толькі ён сыдзе — ні праехаць, ні прайсці».
«Людзі, як жураўлі, уцякаюць у горад»
— Якія ў нас размовы ў чарзе? Вядома, пра смакацце, — да аўталаўкі прыйшлі тры вясёлыя жанчыны. — Волечка, дайце каўбасы.
Кот Муська, як быццам пачуўшы гэтыя словы, прабіраецца праз снег да прылаўка. Ён чакае ліверкі. Як кажа прадавец, гэта ў вёсцы адзін з самых хадавых прадуктаў. Катоў тут шмат, карміць чымсьці трэба.
— Калі зачынілася гадоў з пяць таму апошняя крама, мы так знерваваліся. Як жыць без яе? — успамінае тыя часы Галіна Казлоўская, якая ўсё жыццё прапрацавала ў Сіманавічах паштальёнкай і ведае ўсіх мясцовых. — Калісьці ў нас было каля 500 двароў, адных кароў штук з 300. Такая была вёска вялікая! Клуб, дзве крамы, пошта, бібліятэка — нічога не засталося.
— Людзі, як жураўлі, уцякаюць у горад, — адным сказам апісвае ўсю сітуацыю мужчына-пенсіянер. — А мы, наадварот, з Бабруйска сюды вярнуліся, на радзіму.
— Што з вашай бабуляй? — цікавіцца ў пакупніка прадавец Вольга Жынько (каля дома мужа і жонкі стаіць хуткая).
— Ціск скача.
Далей абмеркаванне пераходзіць да ўлову мясцовага рыбака, ён толькі што вярнуўся з Пцічы (яна проста за вёскай) і дзеліцца з аднавяскоўцамі, як злавіў дзесяць акунёў.
«У горадзе сумую без нашай аўталаўкі»
Кіроўца Валерый Грышын зачыняе вітрыну аўталаўкі, гэтую вёску на сёння адпрацавалі. Наступная — Заполле. Тут патэнцыйных пакупнікоў чалавек з дзесяць, машыну ўжо чакае Уладзімір, побач з ім сядзіць кот Рыжык. Пакуль гаспадар робіць пакупкі, ён абходжвае яго кругамі — чакае ласунак.
— Ходзіць за мной паўсюль, як сабака, — кажа мужчына.
Разлічыўшы чатырох пакупнікоў, супрацоўнікі аўталаўкі заўважаюць: чамусьці не прыйшла мясцовая жыхарка Наташа. Хтосьці з вясковых крычыць на ўсю вуліцу:
— Наташа!
І бяжыць за ёй дадому. За столькі гадоў працы прадавец і кіроўца ведаюць усіх пакупнікоў, іх пажаданні і замовы. Калі хтосьці не прыйшоў, самі ідуць у хату: а раптам чалавек захварэў?
Мінулы раз яны стукалі ў вокны і дзверы 82-гадовага дзядулі. Ніхто не адчыніў. Сёння вяскоўцы паведамілі: дзядуля памёр. Супрацоўнікі аўталаўкі засмуціліся.
Пытаемся, ці змяніліся вёскі за гады іх працы.
— Так. Вельмі шкада, многіх забрала «карона», бабулі з узростам сталі слабець. У Барысаўшчыне засталіся адныя старэнькія, ім цяжка хадзіць. Каб было лягчэй, пад'язджаем пад кожны дом, — кажа прадавачка Вольга Жынько.
Эфектней за ўсё краму на колах сустракаюць у маленькай вёсачцы Дварэц. На дарогу выбягаюць тры казы. Іх гаспадыні сёння нічога не трэба ў аўталаўцы, але гэта не перашкаджае разглядаць вітрыны.
— Заўтра еду дадому, у Бабруйск, дык нават не хачу ісці там у гіпермаркет. Што ні спытай у прадаўцоў, ніхто нічога не ведае, раздражняюцца ў адказ. Разумееце? А тут, калі нечага не ўбачыш, Волечка табе прапануе. Узяў шмат цукру — у хату аднясуць. У горадзе сумую без нашай аўталаўкі, — кажа Вера Іванаўна.
А чацвёртай гадзіне аўталаўка заканчвае аб'язджаць усе вёскі па маршруце. Хутка белы фургон з'явіцца тут абноўленым: да навагодніх святаў яго ўпрыгожаць гірляндай, сняжынкамі і Дзедам Марозам з паперы.
І ўжо па традыцыі за тыдзень да Новага года аўталаўка пракоціцца па вуліцах з адным пытаннем: «Што вам прывезці да свята?»