Украіна прыменіць санкцыі да ўсіх расійскіх і беларускіх банкаў

Міжведамасная рабочая група (МРГ) па рэалізацыі санкцыйнай палітыкі рэкамендавала падаць на разгляд Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прапановы па ўжыванні сектаральных санкцый да ўсіх фінансавых устаноў Расіі і Беларусі. Такім чынам МРГ падтрымала прапановы Нацыянальнага банка Украіны аб сектаральных санкцыях, паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на прэс-службу ўкраінскага Мінэканомікі.

19.12.2022 / 18:44

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь

Згодна з рашэннем МРГ, пасля дапрацоўкі і верыфікацый у РНБА пададуць прапановы па ўвядзенні персанальных санкцый супраць кіраўнікоў найбуйнейшых банкаў Расіі.

16 снежня Еўрапейскім саюзам было прынята рашэнне аб увядзенні 9-га пакета санкцый. У прыватнасці, пакет змяшчае санкцыі супраць расійскіх банкаў.

Згодна з законам Украіны «Аб санкцыях», рашэнне аб увядзенні сектаральных санкцый прымаецца Саветам нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, уводзіцца ў дзеянне ўказам прэзідэнта Украіны і зацвярджаецца на працягу 48 гадзін з дня выдання ўказа пастановай Вярхоўнай Рады.

Адпаведнае рашэнне ўступае ў сілу з моманту прыняцця пастановы ВР і з'яўляецца абавязковым для выканання.

Nashaniva.com