У Маскве закідалі кувалдамі пасольства Фінляндыі ў Расіі

Сёння ў Маскве нейкія людзі, якія хавалі свае твары за маскамі, правялі акцыю каля пасольства Фінляндыі ў Расіі. Яны перакінулі цераз плот пасольства некалькі кувалдаў, паведамляе РБК.

20.12.2022 / 18:39

У пасольстве ў каментарыі рэсурсу РБК паведамілі, што ў выніку акцыі ніхто не пацярпеў.

«Пацвярджаем, што ў дачыненні да пасольства Фінляндыі ў Расійскай Федэрацыі было сёння здзейснена хуліганскае дзеянне каля 12-й гадзіны па маскоўскім часе. У двор пасольства з вуліцы было перакінута некалькі кувалдаў. У сувязі з інцыдэнтам у пасольстве ніхто не пацярпеў, і ён не прычыніў матэрыяльнай шкоды. У гэты момант Міністэрства замежных спраў Фінляндыі разглядае захады ў сувязі з хуліганскімі дзеяннямі», — паведамілі ў амбасадзе.

Кувалда ў апошні час аформілася як сімвал прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» — узброенага фармавання, якое належыць «пуцінскаму кухару» Яўгену Прыгожыну. У пачатку лістапада тэлеграм-каналы, блізкія да ПВК «Вагнер», распаўсюдзілі відэа пакарання смерцю былога зняволенага Яўгена Нужына, які быў завербаваны Прыгожыным у ПВК, а пасля здаўся ў палон украінцам і запісаў некалькі інтэрв'ю з антыпуцінскім зместам. У якасці прылады для забойства прымянялася акурат кувалда. З таго часу яна стала свядома пашырацца «вагнераўцамі» ў якасці сімвалічнага сродку застрашвання. Так, яе з бутафорскімі слядамі крыві даслалі ў пасылцы ў Еўрапарламент, і ўвогуле гэтая прылада ўсялякімі спосабамі абыгрываецца. 

Nashaniva.com