Якая інфармацыя з Nexta і БГМ магла апынуцца ў руках лукашэнкаўцаў і што рабіць беларусам, якія туды пісалі
Днямі сілавікі заявілі, што сабралі масіў даных пра тых, хто пісаў у бот Nexta. Які масіў даных мог патрапіць да сілавікоў? Якія наступствы гэта можа прынесці беларусам і што ім рабіць? «Наша Ніва» паспрабавала адказаць на гэтыя пытанні.
22.12.2022 / 14:18
Што кажа былы адміністратар Nexta?
Пра асаблівасці працы бота канала Nexta нам расказаў Ян Рудзік, былы адміністратар праекта: «ID тэлеграм-акаўнтаў быў бачны толькі тады, калі чалавек дасылаў медыяфайлы, то-бок дакладна з відэа або фота, але, магчыма, і з аўдыя. У астатніх выпадках бачны толькі нікнэйм (гэта бачна і на скрыншотах, якія апублікавалі сілавікі. — НН). Так працаваў бот».
Рудзік мяркуе, што даныя сілавікі маглі атрымаць з прыладаў Пратасевіча. Імаверна, той не чысціў перапіскі і мог нешта захоўваць у сябе на прыладах у выглядзе архіваў. Адмінам Nexta Пратасевіч быў са студзеня да канца верасня 2020 года. Такім чынам, мяркуе Рудзік, у руках сілавікоў могуць быць нейкія даныя за гэты час.
Цяперашнія адміны Nexta, як вынікае з іх заявы на канале, таксама лічаць, што ўцечка адбылася праз доступ да тэхнікі Пратасевіча.
Пратасевіч быў таксама адмінам канала «Беларусь галаўнога мозгу» з канца верасня 2020-га да арышту.
«У БГМ, мне здаецца, бот быў такі ж, як у ЧКБ, — паказваў ID усіх карыстальнікаў, а не толькі тых, хто высылаў аўдыя і відэа», — кажа Рудзік.
Ён лічыць, што Пратасевіч мог быць і ў іншых палітычных чатах, камунікаваць з актывістамі.
Што рабіць, калі вы пісалі ў бот Nexta ці БГМ?
Што да магчымасці ідэнтыфікацыі таго ці іншага чалавека, то тут так: калі чалавек не пісаў у бот сваіх асабістых даных, то гэта адна сітуацыя, калі перадаваў (напрыклад, свае імя і прозвішча, пратакол затрымання) — іншая.
«Наша Ніва» ў парадку эксперыменту праверыла пяць ID у тэлеграме, якія выклалі сілавікі ў сваім паведамленні. Чатырох з пяці чалавек атрымалася раскрыць.
Таму варта ўзважваць рызыкі.
Прадстаўнікі ініцыятывы па лічбавай бяспецы CyberBeaver рэкамендуюць тым, хто пісаў у боты Nexta і БГМ, выдаліць акаўнт у тэлеграме, каб даныя акаўнта перасталі з вамі асацыявацца. Перад гэтым пачысціць кэш медыя і базаў даных тэлеграма.
Новы акаўнт варта стварыць на новы нумар тэлефона з іншым імем.
Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд
У кожным разе, на сёння мы назіраем, як лукашэнкаўцы караюць задняй датай за тое, што не было забароненым на момант здзяйснення.