Навальны: Прыгожын прыязджаў вербаваць зняволеных у яго калонію

Навальны распавёў пра візіт Прыгожына і вярбоўцы зняволеных у яго калоніі. «Уяўляеце, аказваецца, і да мяне ў калонію прыязджаў кухар Пуціна Прыгожын для таго, каб вербаваць зэкаў у свае баявыя атрады ад'ютанта Папандопулы», — напісана ў інстаграме Навальнага.

21.12.2022 / 15:03

Як распавядае Навальны са слоў відавочцы, Прыгожын прыляцеў на верталёце, зняволеных сабралі на стадыёне разам з начальствам. «Сказаў: «Я сам адматаў 10 гадоў, заву вас стаць маімі штурмавікамі. Праз паўгода кожнаму выпішу памілаванне, у вас пяць хвілін на роздум», — цытуе Прыгожына сведка.

Пасля гэтага, з ягоных слоў, чалавек 80—90 пайшлі ў будынак адміністрацыі афармляцца, а затым была другая хваля вярбоўкі.

«І вось цяпер 100% гэтай публікі, законапаслухмянасць якой мы так адчайна хочам павысіць, дакладна ведае: ніякага закона няма, ніякіх судоў няма, няма ніякіх правілаў. <…> Па шчаўчку пальцамі, літаральна на працягу сутак, забойцаў і рабаўнікоў з вялізнымі тэрмінамі вызваляе ніякі не суд і нават не Пуцін, а лысы чалавечак, які прыязджае на зоны з гісторыяй пра тое, як ён «таптаў 10 гадоў», — напісаў Навальны.

Навальны адбывае тэрмін у калоніі строгага рэжыму ВК-6 ва Уладзімірскай вобласці.

Nashaniva.com