«А прысяжныя ў вас хто?» Што за відэа, пасля якога на блогера Павука завялі новую крыміналку

У гэтым роліку Андрэй Павук з малатком для адбіўкі мяса ў руцэ выносіць жартаўлівыя прысуды протаіерэю Фёдару Поўнаму і пракурорам. Дыялогі з некаторымі атрымаліся эпічныя — прыводзім урыўкі.

21.12.2022 / 20:10

Скрыншот: відэа на ютуб-канале Bеlsаt Life

У відэа, якое выйшла на ютуб-канале Bеlsаt Life і якое паставілі ў віну Павуку, блогер з'яўляецца ў адзенні, падобным да судовай мантыі. Сапрызначаны суддзя першай катэгорыі — называе ён сябе.

Спачатку тэлефануе Фёдару Поўнаму.

— Бог у дапамогу, Фёдар Пятровіч.

— Аналагічна.

— Скажыце, як будзеце апраўдвацца перад судом?

— Ну толькі калі Божым.

— Менавіта Бог даслаў мяне пакараць вас за тое пустаслоўе, што вы несяце.

— Дзякуй, гэта не па адрасе, — кладзе Поўны трубку.

Пасля Павук у жывым эфіры абзвоньвае пракурорскіх супрацоўнікаў, пытае, ці будуць яны апраўдвацца за службу Лукашэнку, і выносіць жартаўлівыя прысуды.

— Скажыце, як будзеце апраўдвацца перад судом? — пытае Павук першага намесніка пракурора Гродзенскай вобласці.

— Ну, у залежнасці ад абставін.

— Улада захопленая ў Рэспубліцы Беларусь, вы абараняеце гэтую ўладу.

— Дык што?

— Як будзеце апраўдвацца? Колькі мне вам даваць год?

— Ну, гэта вы рашайце.

— Давайце я вам пяць дам з канфіскацыяй.

— Згодны.

Скрыншот: відэа на ютуб-канале Bеlsаt Life

Некаторыя на блогера рэагавалі раздражнёна.

— А ты наогул хто такі? — пытае дзяржаўны абвінаваўца на тым канцы проваду.

— Суддзя Андрэй Уладзіміравіч Павук.

— Суддзя… Паўдурак ты, б***ь, а не суддзя.

— А ну прасі прабачэння! (суразмоўца кладзе трубку). 10 гадоў строгага рэжыму з канфіскацый маёмасці. А за непавагу да суда яшчэ два месяцы карных работ у ААТ «Някрашынскі».

Хтосьці з пракурораў пазнаваў Павука і адразу кідаў трубку. Адзін, здаецца, складаў дакладную запіску падчас размовы.

— Што можаце сказаць у сваё апраўданне? — пытаецца Павук чарговага пракурора.

— Дык я хацеў бы не па тэлефоне, можа быць, асабіста з вамі сустрэцца.

— Суд ідзе завочна, мы вам пазванілі, цяпер мы вас гатовы выслухаць.

— Вы — гэта хто?

— Андрэй Уладзіміравіч Павук і прысяжныя.

— А прысяжныя там хто?

— Гледачы і падпісчыкі нашага канала.

— Што вы яшчэ мне скажаце?

— Прысуджаю вам пяць год строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

— Калі пачынаць адбываць пакаранне?

— Праз нейкі час, калі мы прыйдзем да ўлады.

Былі і тыя, хто проста жартаваў у адказ.

— Колькі вам гадоў прысудзіць? — звоніць Павук.

— Колькі не шкада.

— Пяць строгага рэжыму дастаткова з канфіскацыяй?

— Ды ну, вы што, не выпраўлюся. Больш трэба.

— Больш трэба? Дзесяць. Нармальна?

— Ды ну што, не саромейцеся.

— Пятнаццаць? Ды вы смелы чалавек.

— Ну добра, няма калі мне з вамі балакаць, будзьце здаровыя.

За гэты эфір супраць блогера распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Генпракуратура палічыла, што ў размовах з пракурорамі Павук «паведамляў загадзя хлуслівыя звесткі аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваў паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі».

Наш выпуск ТОК з Андрэем Павуком глядзіце тут:

Nashaniva.com