Свет стаіць на мяжы глабальнага інфармацыйнага крызісу: хутка чалавецтву не будзе ў чым трымаць інфармацыю
Вучоныя папярэджваюць, што да 2025 года колькасць усёй інфармацыі на Зямлі вырасце на 300%, і ў чалавецтва няма тэхнічных магчымасцяў захоўваць увесь гэты гіганцкі масіў інфармацыі.
22.12.2022 / 23:57
Фота: Pixabay.com
Гэтыя дрэнныя навіны прыйшлі ад навукоўцаў з Астанскага ўніверсітэта ў Брытаніі. Цяпер яны спрабуюць распрацаваць план выхаду з гэтага крызісу, пры якім не трэба было б ствараць яшчэ больш сервераў, якія і так спажываюць ужо 1,5% сусветнай электраэнергіі, піша Daily Mail.
Каб даць рады гэтай задачы, вучоныя ствараюць новую тэхналогію чыпаў з каналамі, шырыня якіх складзе менш за 5 нанаметраў — у 10 тысяч разоў менш, чым шырыня чалавечага воласа.
Доктар Мэт Дэры, кіраўнік праекта, расказвае пра яго так: «Простае будаўніцтва новых цэнтраў апрацоўкі даных, калі не паляпшаць тэхналогію захоўвання даных, не выйсце. Мы ўсё часцей сутыкаемся з рызыкай так званага крызісу захоўвання даных, і патрэбныя палепшаныя рашэнні для захоўвання інфармацыі, каб ісці ў нагу з патрабаваннямі сучаснасці».
Паводле справаздачы International Data Corporation, наступствам усё большай залежнасці ад даных будзе бясконцае павелічэнне колькасці інфармацыі ва ўсім свеце. Калі ацэньваць яе памер у зетабайтах, у 2019 годзе ў свеце было 45 зетабайтаў інфармацыі, але да 2025 года яе колькасць павялічыцца да 175 зетабайтаў. Адзін зетабайт — гэта трыльён гігабайтаў.
У справаздачы International Data Corporation тлумачыцца: «Калі б вы маглі захоўваць усю глабальную сферу інфармацыі на DVD, у вас быў бы стосік аднаслойных дыскаў Blu-ray, якіх хапіла б, каб 23 разы дабрацца да Месяца або 222 разы абляцець Зямлю». Рэзкі рост колькасці інфармацыі непазбежны, і Дэры з камандай спадзяюцца прыдумаць, як яе захоўваць, пакуль час яшчэ ёсць.
Доктар Аміт Кумар Саркар, які нядаўна далучыўся да каманды, тлумачыць гэта так: «Мы будзем выкарыстоўваць перадавыя здабыткі хіміі палімераў для павелічэння аб'ёму даных, якія можна размясціць на носьбітах. Калі павысіць эфектыўнасць тэхналогій, што ўжо існуюць, гэта значна знізіць патрэбу ў дарагім і шкодным для навакольнага асяроддзя будаўніцтве новых мегацэнтраў апрацоўкі даных. Наступныя тры гады будуць вырашальнымі».